Рынкі Горадні ўжо даўно выглядаюць панурымі, ранейшай вясёлай атмасфэры няма. Сюды цяпер ходзіць значна меней людзей. Прадпрымальнікі, як самі жартуюць, маюць час, каб абгаварыць усе навіны.
Вось прадпрымальніцы на рынку «Цэнтральны» сядзяць бяз працы побач з гандлёвымі радамі, пакупнікоў практычна няма. Цікаўлюся ў іх — як ацэньваюць сытуацыю з курсамі валютаў і якім чынам рэагуюць на рост даляра?
Старэйшая спадарыня з сумам распавядае, што цяпер дзеецца на рынку:
— Пакуль мы наагул ня ведаем, што рабіць. Выходзім на працу, але ў нас ніхто нічога не купляе. Мы і цэны не падымалі, даляр проста ў адзін момант пачаў лезьці ўгару, і што тут на колькі падымаць... Мы папросту ў разгубленасьці, вялікай разгубленасьці. Бізнэс хутка скончыцца...
Яшчэ адна прадпрымальніца перадпэнсійнага веку таксама эмацыйна кажа, што даляр вырас, а цэны на рынку ніхто ня можа падняць, бо і так ніякіх продажаў няма.
— Усё абясцэньваецца, ня ведаем, як тут далей працаваць. А калі цэны падняць, зусім ніхто нічога ня купіць. Ну што, толькі закрывацца...
Да нас далучаецца мужчына сярэдняга веку. Кажа, што раней спадзяваліся на тое, што скончацца выбары і нешта больш-менш стане зразумелым. Але цяпер пабачылі, што і пасьля выбараў наперадзе невядомасьць.
— Ва ўсіх шок, каб такое магло здарыцца перад выбарамі Усе думалі — 15–16 тысяч, а тут у адзін дзень — і 18 тысяч, і гэта відавочна не канец.
— Ва ўсіх шок, каб такое магло здарыцца перад выбарамі Усе думалі — 15–16 тысяч, а тут у адзін дзень — і 18 тысяч, і гэта відавочна не канец. А што чалавек цяпер на свой заробак, акрамя харчоў, можа купіць? У нас ня тое што паніка — у нас каляпс. Я нават ня ведаю, ці буду на верасень плаціць падаткі, бо ўсё гэта плаціцца наперад. А мы ж можам так нічога і не зарабіць, бо сёньня 18 тысяч за даляр, а заўтра 20 і болей...
Яшчэ адна спадарыня перадпэнсійнага веку заўважае, што прадпрымальнікі ўжо ніяк ня могуць рэагаваць на тое, што адбываецца ў краіне.
— Каму тут пайсьці што сказаць? Некалі ўжо хадзілі, то ў парку раскаталі трактарамі. Дый каму хочацца сядаць у вязьніцу, і каб яшчэ тваіх родных прыцягнулі за гэта? І так пад каўпаком жывем. Трэба неяк гуртавацца, а па адным нас тут усіх перадушаць. Народ беларускі не падымеш, гэта не Ўкраіна. Дый ня дай Бог такое, як ва Ўкраіне робіцца. Лепей ужо есьці бульбу з кефірам. Мы самі нічога ня зьменім, а лідэраў няма, іх адразу садзяць...
Яшчэ адзін прадпрымальнік ужо без эмоцыяў кажа, што з скачком валюты ўрад пазбавіў людзей магчымасьці набываць дабраякасны тавар, а прадпрымальнікаў — такі тавар прадаваць.
— Мы перабудоўваемся ў такой сытуацыі адразу і пачынаем вазіць танны недабраякасны тавар. І няхай цяпер аналітыкі, якія сядзяць ва ўрадзе, ацэньваюць сытуацыю. Тое самае адбываецца ў дзяржаўнай сфэры.