Пляскаюць у ладкі эканамічныя камэнтатары – іхняе бо сьвята настае, з бліцамі й штодзённымі прагнозамі, інтэрвію. Мяне ж ва ўсёй гэтай дыскатэцы прывабіла інфармацыйнае паведамленьне Нацыянальнага банку Беларусі – сапраўдны ласунак для філёляга.
Безумоўна, на лексычным узроўні ў паведамленьні прачытваецца спроба апраўданьня за тое, што «не ўбераглі дзіцяцю». Але сам сынтаксыс пакліканы паказаць бурлівую, магутную, нікім не пераможаную ўпэўненасьць у сваіх дзеяньнях, абсалютную й татальную іх беспамылковасьць: «Уплыў зьнешніх кан’юнктурных фактараў можа прыводзіць да рознанакіраванага руху курсу, узмацняючы тым самым яго валацільнасьць. Па меры зьніжэньня турбулентнасьці на зьнешніх рынках і аслабленьня кан’юнктурных фактараў будзе зьніжацца і валацільнасьць абменнага курсу беларускага рубля. Дзеяньні Нацыянальнага банку накіраваныя на зьніжэньне празьмерных кан’юнктурных ваганьняў курсу, не перашкаджаючы дзеяньню фундамэнтальных фактараў».
Гучыць як музыка. Асабліва ў расейскамоўным арыгінале, зь дзясяткамі дзеепрыметных і дзеепрыслоўных зваротаў, якія беларускай мове не ўласьцівыя, а таксама з гарой плеаназмаў, што раздушваюць першапачатковы сэнс на дробныя друзачкі дадатковых адценьняў. Сэмантыка выказваньня размываецца, і ты, ня ў змозе цалкам ахапіць яе, адчуваеш да зубадрабільнага абзацу, як і да кожнай абстрактнай карціны, пэўную павагу: не для сярэдняга розуму.
Насамрэч цяперашні канцылярыт (а паведамленьне НБРБ – яскравы ягоны зразак) толькі нудзьгуе за ўласным слаўным мінулым, калі ён мог дыктаваць свае ўмовы. Маю на ўвазе, вядома, савецкі час: нястрымная, аж да слоўнае дыярэі, таўталёгія Сталіна ў 1920-я гады спарадзіла тысячы наступнікаў, якія, прыкрываючыся тэрміналягічным sturm und drang’ам, хаваліся ў ім, фактычна ратуючы сваю шкуру. Пазьней, з прыходам «вэгетарыянскіх часоў», канцылярыт стаўся прыладай кар’ернага росту ў савецкай камсамольска-партыйнай намэнклятуры. Раструшчваньне яго адбылося ў 1980-я, калі чыстая рыторыка пераможнага пустога сказу была зьнесеная вірам перабудовы.
З распадам СССР Беларусь страціла свой маўзалей і нятленнае цела ў ім. Наўзамен маўзалею ў нас узьвялі велічны гмах канцылярыту, зь якога раз-пораз высоўваюцца галовы людзей 80-х, якія яшчэ памятаюць, што такое свабода слова. Калі перамагчы агіду і ўключыць выпуск беларускіх навінаў, то, як ні дзіўна, пераканаешся, што толькі Лукашэнку дазволена прамаўляць «ад сябе»; чыноўнікі ніжэйшага рангу гавораць выключна складаназалежнымі канструкцыямі з чатырма даданымі часткамі, нярэдка блытаючыся ў падпарадкаваньні. Яны настолькі моцна зродненыя з гэтай неда-мовай, што спрабуюць укласьці яе як мага глыбей у сьвядомасьць народную: атручваюць канцылярытам школьныя падручнікі, засьмечваюць галовы праз паведамленьні ў аўтобусах, тралейбусах, электрычках, мэтро, малююць на білбордах у выглядзе надзвычай пераканаўчых, на іх погляд, лёзунгаў.
Мова ўлады і мова пляцу расслойваецца на дзьве не зьвязаныя міжсобку часткі. З падзеньнем узроўню жыцьця вылятае ў трубу ўвесь назапашаны канцылярытам аўтарытэт: кожная яго праява выклікае толькі сьмех і, адпаведна, ператвараецца ў трэш. Маўзалей усё яшчэ стаіць, але чаргі перад ім няма. Такім чынам, спроба ператварыць усю Беларусь у фанатаў сузіраньня муміі не ўдалася.
Апошнія дні бачацца зацішнай хвілінай перад тым, як маўзалей будзе разбураны. Урэшце, нават пранафталіненыя папяровай працай чынушы, зь іх бясконцымі цыркулярамі, даручэньнямі, афіцыйнымі адказамі і інфармацыйнымі паведамленьнямі, у пэўны момант мусяць загаварыць з людзьмі нармальнай мовай. Аднойчы так ужо было. Як адзначаў вядомы лінгвіст Робэрт Плант, «If it keeps on rainin', levee's goin' to break,
When the levee breaks
I'll have no place to stay»*.
*Калі дождж ня спыніцца, дамбу прарве. Калі дамбу прарве, мне ня будзе дзе жыць.