«Мы плянуем запусьціць місію на Марс. Гэта будзе першы падобны запуск у рэгіёне. Мы думаем, што сумесная праца зь Беларусьсю ў гэтай сфэры будзе шматабяцальнай», — падкрэсьліў Мухамэд Насэр аль-Ахбабі.
«Абедзьве краіны ўжо даўно вядуць сумесную працу ў іншых галінах, і мы разглядаем касьмічную сфэру як патэнцыйную для сумеснай працы зь Беларусьсю.
ААЭ можна разглядаць як цэнтральную краіну па касьмічных тэхналёгіях і апрацоўцы касьмічнай інфармацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне. Сэктар касьмічных дасьледаваньняў у нас адзін з самых буйных у рэгіёне з аб’ёмам наўпроставых інвэстыцыяў каля 5 мільярдаў даляраў», — паведаміў Мухамэд Насэр аль-Ахбабі.
У сваю чаргу старшыня Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімер Гусакоў падкрэсьліў, што Беларусь зацікаўленая ў супрацы ў касьмічнай сфэры з ААЭ. «У нас таксама ёсьць Нацыянальнае агенцтва па космасе, і, думаю, можна казаць аб падпісаньні дамовы аб узаемадзеяньні», — заявіў ён.