За Лукашэнку здалі ў ЦВК нібыта 1.7 мільёнаў подпісаў. Тры дні таму казалі пра мільён

Паводле апошніх дадзеных, за вылучэнне кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі сабрана больш за 1,7 млн. подпісаў, паведаміў у эфіры тэлеканалу СТВ Міхаіл Орда — кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Тры дні таму ў гутарцы з выканаўчым сакратаром Садружнасьці незалежных дзяржаў Сяргеем Лебедзевым Лідзія Ярмошына гаварыла пра мільён.

У падтрымку вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі здадзена 141 тысяча подпісаў, паведамілі БелаПАН у прэс-службе партыі.

Падала подпісы для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты і беспрацоўная Жана Раманоўская, якая, аднак, не раскрывае іх колькасьць.

Збор ініцыятыўнымі групамі подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты пачаўся 23 ліпеня і завяршыўся 21 жніўня. Для рэгістрацыі кандыдата ініцыятыўнай групе трэба было сабраць ня менш як 100 тысяч подпісаў.