Кампанія па зборы подпісаў за «кандыдатаў у кандыдаты» у прэзыдэнты набліжаецца да завяршэньня. Ужо палова прэтэндэнтаў абвясьціла, што пераадолела запаветны рубеж у 100 тысяч подпісаў, апошняй гэта зрабіла прадстаўніца кааліцыі «Народны рэфэрэндум» Тацьцяна Караткевіч. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька абвясьціў, што калі здолее сабраць неабходную колькасьць подпісаў і будзе зарэгістраваны, то напярэдадні галасаваньня здыме сваю кандыдатуру. Зразумела, прэтэндэнты, кажучы пра колькасьць сабраных подпісаў, не абавязкова праўдзівыя, аднак папярэднія вынікі падвесьці можна.
Задоўга да выбараў у шэрагах апазыцыі гарачыя страсьці выклікала ідэя адзінага кандыдата. Да згоды апазыцыянэры да пачатку кампаніі так і не прыйшлі. Аднак, як ні дзіўна, гэтае пытаньня можа вырашыцца зьбегам абставінаў. Шанцы сабраць патрэбную колькасьць подпісаў у Анатоля Лябедзькі і Сяргея Калякіна, па іх уласных словах, невялікія. Ускосна пра гэта сьведчыць і заява старшыні АГП пра намер у выпадку рэгістрацыі зьняць сваю кандыдатуру перад выбарамі. Ня тое, каб увесь народ прагна лавіў кожнае слова гэтага палітыка, але ў прынцыпе такая заява не вельмі спрыяе жаданьню падпісвацца за яго. Магчыма, у Лябедзькі ў рамках яго палітычнай філязофіі ёсьць разьлік забіць двух зайцоў: выкарыстоўваць ўдзел у кампаніі для агітацыі, а потым зьняцьце з выбараў — для дэманстрацыі іх несправядлівасьці. Аднак такая складаназлучаная канструкцыя хутчэй за ўсё будзе вышэй разуменьня людзей «простых і някніжных». Яны могуць наіўна памеркаваць, што не варта падпісвацца за ўдзел у выбарах чалавека, які не зьбіраецца ў іх удзельнічаць. Лідэр АГП, як спрактыкаваны палітык, ня можа гэтага не разумець, і калі ўжо робіць такія заявы, то, мабыць, прыйшоў да высновы, што на дынаміку збору подпісаў за яго паўплываць ужо ня можа нішто. Так што ўяўляецца вельмі верагодным, што апазыцыя будзе прадстаўлена на гэтых выбарах адной Караткевіч.
Тут варта зрабіць маленькі філялягічны экскурс і пагаварыць аб адным дзіўным звычаі айчыннай адукаванай публікі. Ён палягае ў нагрувашчваньні вызначэньняў шматлікімі прыемнымі ёй ўласьцівасьцямі: гэта — не дзяржава, той — не журналіст, гэты — не апазыцыянэр. Як быццам дзяржава — гэта абавязкова нябесны парадыз, званьне журналіста — мэдаль «За адвагу на пажары», а апазыцыянэр — толькі той, у каго ў кішэні заўсёды назапашаныя вілы для штурму прэзыдэнцкага палацу. Бываюць бесталкова або занадта брутальна арганізаваныя дзяржавы, бываюць прайдзісьветы-журналісты (якія застаюцца пры гэтым журналістамі), бываюць розныя апазыцыянэры. У шырокім сэнсе ўсе ўдзельнікі цяперашняй выбарчай кампаніі, акрамя дзеючага прэзыдэнта — апазыцыянэры яму, усе яны — хоць нейкая, ды альтэрнатыва, якая адбірае ў яго галасы. Праўда, некаторыя прэтэндэнты наогул, так бы мовіць, проста пагуляць выйшлі, некаторыя па сутнасьці ня маюць з уладай асаблівых рознагалосьсяў, але проста хацелі б прысутнічаць у палітычным полі і ўмацаваць свае пазыцыі ў ім дзякуючы ўдзелу ў кампаніі.
Такі, у прыватнасьці, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. Хтосьці ўспрымае яго як фігуру нават збольшага і камічную, але на самой справе ён кіруе нейкай структурай, якая захавалася, у адрозьненьні ад многіх іншых палітычных арганізацый, на працягу двух дзесяцігодзьдзяў, мае невялікі, але ўстойлівы рэйтынг. Ну і нарэшце ёсьць апазыцыя ў вузкім сэнсе, тыя, у каго з уладай маюцца прынцыповыя рознагалосьсі, рознае бачаньне будучыні краіны. Пры гэтым у адной частцы гэта групы рэалізацыя яе памкненьняў прадугледжвае ў абавязковым парадку зьмену існуючай улады, у іншай — не. Гэтыя апошнія таксама ў прынцыпе за зьмену ўлады, але пытаньне цаны гэтай зьмены мае для іх вырашальнае значэньне.
Прадстаўніком гэтага другога крыла апазыцыі і зьяўляецца Тацяна Караткевіч. Прадстаўнікоў першага, вельмі верагодна, у выбарчым бюлетэні ня будзе зусім. Ужо ня раз гаварылася, што выразнай мэтай удзелу апазыцыі ў выбарах можа быць ператварэньне іх у выбар галоўнага, «начальніка па апазыцыі». Расейскі палітоляг Глеб Паўлоўскі напісаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2001 году, у якіх адзіным кандыдатам ад апазыцыі быў Уладзімір Ганчарык: «Цяпер мы ведаем, каму патэлефанаваць, калі спатрэбіцца пагаварыць зь беларускай апазыцыяй». На жаль, такога статусу Ганчарык не набыў. На некаторы час такім, калі не адзіным лідэрам, то тварам апазыцыі, стаў пасьля выбараў 2006 году Аляксандр Мілінкевіч, але прыкладна праз год быў «извержен из сана» сваімі паплечнікамі, дарэчы, удзельнікамі кампаніі гэтага году А.Лябедзькам і С. Калякіным.
Ці можа мець посьпех у тым, у чым пацярпелі няўдачу У.Ганчарык і А.Мілінкевіч, маладая жанчына, па сутнасьці, пачатковец у палітыцы, якая застанецца адзіным апазыцыянэрам — удзельнікам перадвыбарчай гонкі, фактычна па волі абставінаў? Хутчэй за ўсё, няма. Калі казаць пра апазыцыю, як пра сыстэму палітычных арганізацый, то пэўна не. Зьядалі і мацнейшых за яе. Але можна паглядзець на праблему шырэй і казаць ня толькі аб палітычных арганізацыях, але ў цэлым аб той частцы грамадзтва, якая мае вялікія рознагалосьсі з уладай і адрознае ад яе бачаньне будучыні Беларусі. Бо вынікі збору подпісаў пра нешта ды сьведчаць — пра тое, напрыклад, што Т. Караткевіч сабрала іх больш, чым А.Лябедзька і С.Калякін. Можа, яе каманда працавала больш актыўна, можа, новае маладое аблічча і жаночы пол кагосьці прыцягнулі, можа... ды тысяча прычын можа быць. А яны важныя? Больш — вось тое, што мае значэньне. І ў бюлетэні з апазыцыі яна будзе, вельмі верагодна, адна. І хоць колькі галасоў на выбарах таксама атрымае. І гэта таксама будзе мець значэньне. Бо чаму Аляксандр Лукашэнка паўгода таму казаў аб магчымым вызваленьні Мікалая Статкевіча ў стылі «а чаму не Пятрова-Сідарава», а зараз гаворыць па-іншаму? Ну так, Захад гэтага дамагаецца, а чаму ў заходнім сьпісе першы Статкевіч, а не, скажам, анархіст Ігар Аліневіч, тэрмін у якога паболей будзе, чаму журналісты пытаюцца менавіта пра Статкевіча? А вось менавіта таму — удзельнічаў у выбарах, экс-кандыдат, па афіцыйных дадзеных ЦВК за яго прагаласавала ў 2010 годзе 67.583 беларусаў, аддаўшы яму перавагу перад усімі астатнімі, у тым ліку і перад Лукашэнкам. Вось нейкая такая вызначаная лічба будзе пасьля 11 кастрычніка і ў Караткевіч. Невялікая, хутчэй за ўсё. А ў іншых апазыцыйных лідэраў і такой ня будзе.
Але ня ў ліку ў самім па сабе справа, але ў адносінах палітыка з народнай масай. Вось усе кандыдаты скардзяцца на апатыю, на нежаданьне людзей падпісвацца за каго б там ні было. Але ці так ўнівэрсальная гэтая апатыя? Напрыклад, рэакцыя публікі на гісторыю з міліцэйскім свавольствам на нудысцкім пляжы была якой заўгодна, толькі не апатычнай. У больш вузкіх колах, але ня меншыя жарсьці выклікала і выклікае, скажам, справа прадпрымальніка Віктара Пракапені. Дзе жарсьць — там і сапраўдныя інтарэсы, пачуцьці, перакананьні. А вось хто прадстаўляе тых многіх, чые інтарэсы і пачуцьці закранутыя інцыдэнтам на пляжы, справай Пракапені, дзесяткамі і сотнямі іншых падобных спраў? Ну як хто: вось у інтэрнэт-выданьнях напісалі, у сацсетках народ паабураўся, за Пракапеню прадпрымальнікі нават пэтыцыю напісалі. Гэта так, а на палітычным узроўні, на ўзроўні прыняцьця рашэньняў, хто прадстаўляе ўсіх гэтых людзей, іх інтарэсы і пачуцьці? Ну, прэзыдэнт — ён у Беларусі ўсё прадстаўляе. Аднак маё пытаньне — не пра тое, хто і калі скіне Лукашэнку і будзе на яго месцы прадстаўляць ўсіх і ўсё, а пра тое, хто ў існуючых умовах прадстаўляе і будзе прадстаўляць вось гэтыя канкрэтныя масавыя інтарэсы, крыўды і жарсьці? Дык палітыкі ж пра гэта ня кажуць, — заўважыць чытач. І вельмі шкада. Хоць іх праца на самай справе менавіта ў гэтым. І ад гэтага і сіла палітыка. Як гаварыў прэзыдэнт ЗША Тэадор Рузвэльт, «найлепшы палітык — той, хто часьцей за ўсіх і гучней за ўсіх кажа тое, што думае кожны». У нас лічыцца палітыкай выйсьці і крыкнуць «Далоў», правесьці шэсьце ці мітынг, раскідаць улёткі. На самай справе гэта можа быць палітыкай, а можа — толькі выказваньнем асабістай пазыцыі. А наогул палітыка — гэта якраз выказваньне, прадстаўленьне на ўзроўні прыняцьця рашэньняў рэальных інтарэсаў, жарсьцяў і крыўдаў. Здолее Караткевіч выкарыстаць выбары для таго, каб стаць іх выразьнікам адпаведных інтарэсаў і пачуцьцяў? Калі так, то тады меркаваньне партыйных правадыроў ня будзе мець значэньня і ў беларускай палітыцы зьявіцца новая моцная фігура. Не — значыць, не. Тады і сымпатыі партыйных правадыроў нічым ёй не дапамогуць. Не яна — дык не яна. Выбарамі жыцьцё не заканчваецца і не адны яны — шлях да выкананьня названай функцыі. Здолеюць гэта зрабіць Калякін ці Лябедзька на выбарах ці па-за іх рамкамі, здолее гэта зрабіць Статкевіч, які, магчыма, у хуткім часе будзе вызвалены, ці іншыя асобы — сьцяг ім у рукі. Проста выбары — шлях параўнальна кароткі. Хто ведаў Караткевіч паўгода таму? А цяпер многія прынамсі ведаюць. А экс-кандыдатаў у прэзыдэнты да гэтага часу памятаюць. Ня тое, каб пагалоўна ўсе памятаюць, але іншых і зусім ня памятаюць.
Дарэчы, улада на Караткевіч рэагуе даволі цікава. Яна ледзь ня першы апазыцыйны кандыдат, стаўленьне да якога афіцыёзу хутчэй нэўтральна-пазытыўнае. Ці азначае гэта, што яна — спарынг-партнэр улады, фэйк, прызначаны для таго, каб пусьціць пыл у вочы Захаду і беларускаму грамадзтву? Магчыма. І не абавязкова, што яна сама гэта разумее і на такую ролю згодная. Але магчыма і іншае. А менавіта — што ўлада вырашыла крыху зьмяніць палітычную канфігурацыю ў краіне. Не «разьвесьці дэмакратыю», зразумела — у такім «злачынстве» яе ніхто і не падазрае, але крыху палегчыць працу апісанага вышэй мэханізму палітычнага прадстаўніцтва. У асобе даволі зразумелага палітыка, які наўрад ці хутка і наогул выйдзе за дазволеныя рамкі такога прадстаўніцтва. У свой час гэта, дарэчы, у Беларусі мела месца. Засядалі ў парлямэнце той жа Сяргей Гайдукевіч і Вольга Абрамава, была, хоць, хутчэй за ўсё, па недаглядзе, дэпутацкая група «Рэспубліка» — Валер Фралоў, Уладзімір Парфяновіч і іх паплечнікі. Палата прадстаўнікоў таго скліканьня ня была рэвалюцыйным Канвэнтам, але гэта ўсё ж было не гэтак гнятліва, як цяпер. І палата, і шмат іншае. Справа ў тым, што падобнае прадстаўніцтва ў пэўнай ступені выгаднае і самой уладзе. Інтарэсы, крыўды і жарсьці, вечна прыціснутыя, якія не знаходзяць выйсьця, маюць звычай назапашвацца, кандэнсавацца. Могуць доўга назапашвацца. Але потым рване так, што мала нікому не падасца.
А выпрабаваньні наперадзе чакаюць сур’ёзныя. Палохаць Украінай можна доўга, але ў эканоміцы па ідэі трэба нешта прыдумляць. Цяперашні крызіс, вядома, ня першы, у 2011 годзе скаланула круцей, але ён нейкі незразумелы. ВУП і ў крызіс 2009 году рос, нягледзячы ні на што, і нават у 2011 годзе рос. А зараз — на жаль. І пасьля выбараў давядзецца нешта рабіць. Не, калі нафта раптам пойдзе ўверх, то і не прыйдзецца. А калі не? Да выбараў гэта справа адкладаецца таму, што, мяркуючы па ўсім, любое рашэньне прыкметна памножыць шэрагі незадаволеных і пакрыўджаных. Беларускія людзі ў пагонах, вядома, службу ведаюць, але гэта іх веданьне, як паказаў той жа інцыдэнт на нудысцкім пляжы, нават у цяперашняй сытуацыі мае дваістыя наступствы: зьнешні парадак і ўнутранае абурэньне. Дарэчы, пралёгам Эўрамайдану ва Ўкраіне быў бунт супраць міліцэйскага гвалту ва Врадзіеўцы. А што будзе пасьля 11 кастрычніка, калі прыйдзецца моцна закрануць масавыя інтарэсы? Не, кулак — ён, вядома, рэч на першы погляд надзейная, а ўсялякія паслабленьні — не. Але на самой справе рызыкі прысутнічаюць у абодвух варыянтах. І магчыма гэтыя выбары стануць для ўлады спосабам знаходжаньня балянсу паміж імі.
Перадрук з парталу TUT.BY http://news.tut.by/politics/460610.html