Навошта паказныя рэпрэсіі супраць актывістаў-адзіночак

Севярын Квяткоўскі

Дзе вы чулі, каб за гарфіці да чалавека ўламваліся ў хату, выцягвалі з ванны, зьбівалі, а пасьля заводзілі крымінальную справу?

З краінаў разьвітога капіталізму такіх навінаў не прыгадаю. Магчыма, там умеюць лічыць грошы падаткаплатнікаў, а праца паліцыі каштуе нятанна.

З таталітарных і аўтарытарных краінаў такая інфармацыя таксама ня йдзе, тут ужо спэцыфіка рэжымаў: не пушчаць інфармацыю вонкі.

А ў Беларусі дэманстратыўна, на паказ, з бахвальствам, жорстка, са зьбіцьцём: а вось так мы можам. За графіці!

Навошта?

Маю пару вэрсій. Па-першае, сілавікам увесь час трэба даводзіць сваю карыснасьць, і апраўдваць павелічэньне свайго матэрыяльнага становішча.

Раней можна было з групы юных рамантыкаў разьдзьмуць ледзь не «падпольны збройны супраціў», я маю на ўвазе «Малады Фронт». І нармальна сядзець на фінансаваньні ды прэміях не адзін год. І вось блізкія чарговыя выбары, а «ворагаў прэзыдэнта» ўнутры краіны не відаць.

У такім выпадку, варта бліжэйшым часам чакаць наступных гучных «спэцапэрацый», дзе будуць фігураваць небаракі-рамантыкі, якіх органы пільнуюць, як гопнік здабычу-разяваку позьнім вечарам у завугольлі.

А ёсьць больш складаны варыянт. Ужо год як актыўна мусіруецца тэма футбольнага фанацкага руху ў Беларусі, удзельнікі якога збольшага падтрымалі ўкраінскі бок ва ўкраіна-расейскім канфлікце. Расейскія СМІ адкрыта называюць беларускіх фанатаў спадкаемцамі «Правага сэктару» і рухавіком будучага «Майдана Белоруссии»:

– «Беларуская апазыцыя зноў атрымала ў свае рукі шматлікі, арганізаваны, звыклы да боек, і які падзяляе антырасейскія ідэі, моладзевы актыў».

А сьледам за расейцамі актыўна пляжыць фанатаў пачаў спэцыялізаваны часопіс для беларускіх органаў – «Спецназ»: «Часопіс “Спецназ” пра беларускіх фанатаў: “Бандэраўшчына і русафобія”».

Калі беларуская ведамасная «шматтыражка» акцэнтуе ўвагу на ідэалёгіі, як яны яе бачаць, то буйны расейскі СМІ робіць агульнадзяржаўныя абагульненьні: «беларуская апазыцыя атрымала ў рукі актыў». Усё проста: вось нейкі «маналіт» апазыцыі, якая атрымала сабе армію байцоў.

У рэальнасьці цікаўныя да тэмы ўжо гадоў пятнаццаць абураюцца, іранізуюць ці сьмяюцца з таго, што беларускія структуры ў апазыцыі да Лукашэнкі ня могуць аб'яднацца. Гэта нязьменная сытуацыя.

А новая зьява, на мой погляд, у тым, што вырасла новая генэрацыя апазыцыйна настроеных людзей, якіх не зацягнеш у «Малады Фронт», «Моладзь БНФ», «Моладзь Грамады», «Моладзь АГП» і г.д. То бок, у фармальныя структуры, якія б маглі эфэктыўна працаваць у адкрытым грамадзтве, а ў аўтарытарным проста робяць больш зручнай праслушку для спэцслужбаў: усе разам, ня трэба ганяцца паасобку.

Абмяркоўваў тэму з прыяцелем, які мне запярэчыў, што і фанацкія групоўкі кантраляваць ня так складана, бо яны фармуюцца па герархічным прынцыпе. І што ў СССР фанацкі рух стварыў КДБ, каб шалёных маладзёнаў трымаць усіх перад вачыма.

Ведаеце, чаму спэцслужбы ва ўсіх краінах лёгка кантралююць скрайніх правых і амаль ня могуць уплываць на скрайніх левых? Правыя будуюцца ў арганізацыі вайсковага тыпу. Там варта праслухоўваць галоўнага, і ты ўсё ведаеш. А скрайнія левыя, кшталту анархістаў – ня маюць галоўнага. У іх гара людзей, зьвязаных міжсобку кантактамі-камунікацыяй, ёсьць невялікія групы, а пірамідальнай сыстэмы кіраваньня няма.

Абсалютна неадэкватна жорсткая і масіраваная рэакцыя на графіці можа быць зьвязаная яшчэ і з тым, што ў Беларусі зьявіліся новыя правыя, левыя і сярэднія, якія не фармалізуюцца ў арганізацыі з лэйбай, пячаткай і сьпісамі партыйцаў. Гэтых людзей можна ўмоўна назваць «фанатамі».

Людзі з ідэямі і па-за якой-кольвек сыстэмай небясьпечныя для кожнай сыстэмы.