У Горадні пачаўся адміністрацыйны працэс у дачыненьні да Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава. Іх чарговы раз судзяць за супрацу з замежным СМІ без адпаведнай акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў.
Ні Кіркевіч, ні Дзянісаў у суд не зьявіліся. Сакратарка суду абвясьціла, што абодва знаходзяцца за мяжой. Судзьдзя дадаў, што Кіркевічу пра дату і час суду паведамілі загадзя.
Паводле міліцэйскага пратаколу, Кіркевіча і Дзянісава вінавацяць за сюжэт, які потым паказаў тэлеканал «Белсат» — пра адкрыцьцё выставы літоўскіх лялек у Гарадзенскай выставачнай залі. Выставу ладзілі Літоўскае консульства ў Горадні і Саюз мастакоў Літвы.
У якасьці сьведак у судзе былі апытаныя мастак выставачнай залі Аляксандар Сільвановіч і дырэктарка выставачнай залі Ірына Сільвановіч. Яны пацьвердзілі, што інтэрвію ў Аляксандра Сільвановіча бралі Кіркевіч і Дзянісаў, хоць самога сюжэту на тэлеканале яны ня бачылі.
Судзьдзя прыняў рашэньне перанесьці працэс на 19-га жніўня і папрасіў сьведак ізноў зьявіцца ў суд.
Гісторыі з журналістамі-фрылансэрамі на гэтым у Горадні не сканчаюцца. Гарадзенскі журналіст-фрылансэр Андрэй Мялешка падаў заяву ў міліцыю. Паводле яго, нехта зьмясьціў на адным з сайтаў абразьлівую інфармацыю пра яго і ягоную сям’ю, і ён просіць праваахоўныя органы зрабіць адпаведныя захады.
— Гэта быў ужо другі артыкул, у якім мяне абражалі. Мяне называюць алькаголікам, жонку маю — распуснай жанчынай. Гэта мяне вельмі абразіла, а гэты пасквіль нагадвае савецкую прапаганду 30-х гадоў сталінскай эпохі. Пакуль міліцыя ніяк не рэагуе, хоць я пакінуў усе кантакты. Мне здаецца, што вылічыць зламысьніка нескладана, бо на сайце зьмешчана прозьвішча адміністратара сайта, а таксама старонка «Ўкантакце», якая прывязаная да гэтай старонкі".