Беларусь – жыцьцё на краі варонкі

Севярын Квяткоўскі

Зусім нядаўна давялося разважаць пра магчымы выбар беларускіх прыўладных элітаў у сьвятле імклівай самаізаляцыі Расеі.

Для мяне відавочна, што далёка ня ўсе грамадзяне Беларусі сядзяць на інфармацыйных патоках пяцідзесяці крыніц, параўноўваюць, аналізуюць, робяць прагнозы. Але, выглядае, што цяпер і шырокія масы сутыкнуліся зь няпростым выбарам будучыні для сябе і краіны. Хоць бы на інтуітыўным узроўні.

Хочам таго ці не, спажывецкія рэфлексы датычаць і ўспрыняцьця інфармацыі. Ні ў каго не выклікае сумневу, што даволі значная частка беларускіх спажыўцоў інфармацыі знаходзіцца пад уплывам расейскіх СМІ.

Па вялікім рахунку, так было ад зьяўленьня ў СССР тэлевізіі. Заўжды маскоўскія каналы болі больш якаснымі і адпаведна цікавымі, чым БТ.

Цяпер і «тожа рускім», якія «за Пуціна» давядзецца выбіраць: зьнішчаць ежу, ці не? У сэнсе, падтрымліваць тое шоў, якое яны назіраюць на расТВ, ці не. Бо ўжо нельга быць «крыху за Пуціна», а крыху супраць.

Гэта зь Беларусі добра сачыць за фантасмагорыяй, якая разгортваецца за ўсходняй мяжой. «Няма мяжы!» – казалі мне знаёмыя, для якіх мяжа – гэта найперш пашпартны кантроль. Думаю, лінія, за якой зьнішчаюць ежу, – гэта больш важка, чым праверка пашпарту. Больш канцэптуальна.

Илья Луговой: – Ды не жратву паляць, а кантрафакт.

Гэта з камэнтаў да паста літаратаркі і тэлевядоўцы Тамара Лисицкая, якая шакаваная тым, што бачыць. То бок, адзін беларус з вышэйшай адукацыяй іншым сабе падобным спрабуе патлумачыць, што ў Расеі проста выконваюць закон.

Не. У Расеі ідзе вялікае шоў, якое ставіць электарат Пуціна ў вельмі ня/простае становішча. Альбо вы за Пуціна, і тады падтрымліваеце ўсе без агаворак ягоныя дзеяньні, альбо вы супраць.

Трэніроўка на ежы. У краіне, якая з татальнай нястачы прадуктаў харчаваньня выкараскалася гадоў пятнаццаць як – менш за генэрацыю таму. Перад тым у Расеі (РСФСР) былі баі за сасіскі ў даўжэзных чэргах, перад тым – харчовыя карткі, перад тым – проста голад.

Беларуская зямля ўвесь час свайго існаваньня жыла то ня мяжы, то ўнутры на ўскрайку велічэзнай варонкі, віру, які закручвае ўсярэдзіну здаровыя сэнсы і сілы.

Цяпер мы зноў па той бок зьнешняга пэрымэтру варонкі, але вельмі-вельмі блізка. Што рабіць? Стаць далей і трымацца за сьценку, каб не закруціла. У нашым выпадку «сьценка» – гэта мяжа Эўразвязу.

Бо калі ў Расеі сапраўды жывуць пэўнымі эзатэрычнымі ідэямі на мяжы з шаманствам, то для беларускага чалавека дабрабыт – гэта і ёсьць культ. Хай сабе каструбаваты, затое надзейны.

Пра высокія матэрыі можа думаць толькі той чалавек, якому не трэба штодня выжываць на ўзроўні халадзільніка.