Не страляйце пад Лёзна! Скланяйма беларускія геаграфічныя назвы

Бо «пад Лёзнам» — гэта «дзе», а «пад Лёзна» — «куды». Як правільна скланяць, піша Вінцук Вячорка.

Купалава паэма “Бандароўна” ёсьць у школьным курсе літаратуры:

Ў слаўным месьце Берастэчку –
Слаўны Бандарэнка,
Ў яго дочка – Бандароўна,
Пашукаць – паненка…

Ілюстрацыя да паэмы В. Шаранговіча

​Места Берастэчка — у старабеларускай традыцыі значыць тое, што цяпер “горад”. Але для сяньняшняй гаворкі істотна, што паэт скланяе два словы як цэлае: у месьце Берастэчку. Купала зазначыў, што паэма паводле народнай песьні. Такая ёсьць (відавочна, беларуска-ўкраінская).

Фальклярыст Павел Шэйн запісаў у ХІХ ст. беларускую жаўнерскую песьню:

У мястэчку Берасьцечку каманда стаяла,
Маладая Бандароўна ў ратушы гуляла.

У месьце Берастэчку, у мястэчку Берасьцечку — усюды назва мястэчка скланяецца! У чым праблема? — спытае нехта. А ў тым, што скрозь у цяперашніх беларускіх тэкстах, дый у этэры, можна сустрэць фразы накшталт:

"Клімук і Пракаповіч разам вучыліся ў вёсцы Тамашоўка".

Герой Клімук і герой Пракаповіч tomashovka.brest.edu.by

Або: "У горадзе Жодзіна вырабляюць вялікія кар'ерныя самаскіды".

Вось жа гэта ў расейскай літаратурнай мове назвы геаграфічных аб’ектаў у спалучэньні з агульным родавым словам, як правіла, не скланяюцца: "в местечке Ельск, на озере Байкал, к станции Орёл". Дазваляецца скланяць назвы гарадоў, і то ня ўсіх: рэдкія і назвы на -о не скланяюцца ("в городе Ровно"). Нельга зьмяняць у спалучэньнях множналікавыя назвы: "в городе Мытищи". Назвы вёсак, хутароў і — сюды ж — рэспублік скланяюцца, толькі калі іхны род аднолькавы з родавым словам: "в деревне Ивановке", але "в селе Ивановка", "в Республике Индии", але "в Республике Вьетнам". Як бачым, расейская граматыка істотна і хітрамудра абмяжоўвае свабоду нават сваіх уласных тапонімаў, ня кажучы пра чужаземныя.

А на практыцы там часта зусім іх не зьмяняюць. 1943 год. "Ад Савецкага інфармбюро". Мэталічны голас радыёдыктара Юр’я Левітана як бы чуваць са старонак "Красной звезды":

Арол і Белгарад

"Овладели городом Белгород". Такая завядзёнка – зусім граматычна не зьмяняць назвы – сапраўды замацавалася ў расейскай мове ў пару другой усясьветнай вайны. Быў загад у армейскіх і афіцыйных дакумэнтах ніякія назвы не скланяць – відаць, каб ня блытацца. Як пісала расейская знаўца імёнаў Аляксандра Суперанская, “у выніку атрымаліся абсалютна нярускія спалучэньні накшталт на реке Волга, на горе Поклонная, в городе Саратов”.

То ня дзіва, што папулярызатары "русского міра" ў Беларусі ўжываюць менавіта такую, стылізаваную пад граматыку сталінскай пары, моўную канструкцыю – "Российский центр науки и культуры в г. Брест". Міжволі думаеш: цэнтар дзе ("в городе") ці цэнтар куды? Куды – па жалуды…

***

А што сьведчыць гісторыя і клясычная традыцыя беларускае мовы?

У мястэчку Рáве, на абедзе, купілі аўса меркі дзьве. (Запісы падарожнікаў з 1692 году)

У мястэчку Красным, Віленскай губэрні, хоць праваслаўныя пераважывалі, але … выбралі тутака двух каталікоў і чатырох праваслаўных, мяркуючы, якая была прапорцыя. Вось гэта справядліва: трэба заўсягды ўважаць, каб ня скрыўдзіць тых, каго менш. ("Наша Ніва", яшчэ тая, з 1907 году)

Уладзіслаў Чаржынскі, аўтарытэтны філёляг, пачынае біяграфічны нарыс пра Якуба Коласа ў ягоным Зборы твораў (1928 год) словамі:

Ад мястэчка Стоўбцаў. На сяло Мікалаўшчыну (там сапраўды вымаўляюць Мікалаўшчына). У засьценку Акінчыцах. Назва паселішча пры агульным родавым слове нармальна скланяецца.

Родны дзядзька Якуба Коласа і выдатны беларускі граматыст Язэп Лёсік у сваіх некалі вядомых кожнаму школьніку падручніках прадумана дае наступныя практыкаваньні:

Менск стаіць на рэчцы Сьвіслачы. У сяле Шчорсах таргуюць збожжам. Я радзіўся ў засьценку Няйгертаве.

І ўрэшце наш час. Арсень Ліс пра Аляксандра Ўласава:

У пасьлярэвалюцыйны час насуперак розным панкам з польскай адміністрацыі здолеў адкрыць у родным мястэчку Радашкавічах беларускую гімназію i доўгі час утрымліваць яе. (Відавочна, насуперак панкáм, ня пáнкам.)

Арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч (ужыты іншамоўны тапонім):

Ён, Якога не можа агарнуць увесь Космас, нарадзiўся ў канкрэтным месцы — у невялiчкiм мястэчку Бэтлееме.

Як бачым, у нас, адрозна ад расейскай завядзёнкі, у спалучэньнях геаграфічнай назвы з родавым словам назва пераважна скланяецца. У засьценку Акінчыцах. Да мястэчка Луны. З хутара Краснага. На рацэ Дзьвіне (дарэчы, наша Дзьвіна цячэ ў Балтыйскае мора безь ніякіх дадатковых прыметнікаў. А ў Белае мора цячэ Двіна). У горадзе Баранавічах. Гэта гнуткасьць і натуральнасьць мовы, непрыманьне чужога канцылярыту.

***

І цалкам супярэчаць духу жывое беларускае мовы "замарожаныя" назвы бяз родавага слова, накшталт "дом-сядзіба Тадэвуша Касьцюшкі пад Косава".

Напалеон Орда. Мерачоўшчына пад Косавам. Палац Пуслоўскіх і двор Касьцюшкаў.

Толькі – пад Косавам (цяпер ужо фактычна ў Косаве).

Таксама: Бітва пад Дуброўнам (альтэрнатыўная назва Грунвальдзкай). Сянном валодалі Сапегі і Агінскія (а вось цяпер адтуль родам Давыдзька). Колас настаўнічаў у Люсіне. Бо гэта свае назвы, і скланяюцца яны як акно ці калена. Тапаніміст Васіль Шур піша:

"Такія тапанімічныя назвы асобнымі аўтарамі (…) не скланяюцца. Відаць, стэрэатып рускіх тапонімаў тыпу Иваново, Колпино, Рощино, Бородино, а таксама мадэль замежных нескланяльных назоўнікаў тыпу кіно, кімано падзейнічалі і на такія беларускія найменні. А таму можна прачытаць: быў у Маладзечна, сустрэнемся каля Шарашова і інш., хаця карэнныя жыхары пра гэта скажуць: быў у Маладэчне (Маладзечне), сустрэнемся за Шарашовам…"

(З гісторыі ўласных імёнаў. Менск, 1993)

(Пра Шарашова больш пераканаўчы быў бы іншы адмоўны прыклад, напр., "зьбярэмся пад Шарашова". А далейшыя развагі сп. В. Шура спрэчныя: "Лінгвісты раяць такія тапанімічныя назвы не скланяць толькі тады, калі яны выкарыстоўваюцца як прыдаткі да агульных назваў (…): выступаў у горадзе Жодзіна, быў пад горадам Маладэчна і г. д.". Мова – і старабеларуская, і дыялектная, і клясычнае літаратуры – гэтай парадзе ўсё ж пярэчыць, прыклады гл. вышэй).

Ёсьць сумежная праблема, якую слушна падымае В. Шур: расейскія чыноўнікі мянялі граматычны род некаторых назваў. Косаў, Янаў, Койданаў, Жодынь, Буда-Кашалёў, Зьдзітаў перапісвалі на Косава, Іванава, Койданава, Жодзіна, Буда-Кашалёва, Зьдзітава).

Гэта ўсё скланяльныя назвы: у Крэве, у Дзятлаве, у Калдычэве, у Свольне (нарадзіўся Ян Чэрскі). Граматычна зьмяняюцца і падобныя геаграфічныя назвы з славянскіх моваў: замак у Кладне, бой пад Шырокінам, тролі ў Ольгіне.

Легендарны стрэл, адна з дагэтуль цьмяных інтрыгаў выбараў прэзыдэнта 1994 году, быў пад Лёзнам, а не "пад Лёзна" (ці пагатоў "Ліёзна"). "Стрэл пад Лёзна" азначае кірунак – стралялі ў кірунку Лёзна (а можа і пад зямлю, дзе раптам залягае гарант нашай энэргетычнай незалежнасьці лупняковы газ, а ён тады выбухне). Але ж тады нібыта стралялі ў машыну кандыдата ў мясцовасьці непадалёк ад Лёзна.

Вось У. Караткевіч правільна ўжывае адпаведную канструкцыю. Герой "Лісьця каштанаў" кажа пра свайго бацьку: Пасьля былі вызвалены два невялічкія лапікі Беларусі, і “продка” майго паслалі на вызваленую тэрыторыю, некуды пад Лёзна.

На маю думку, у 1991 годзе недаглядзелі (бо было шмат іншых клопатаў). Прымаючы для незалежнай беларускай дзяржавы назву “Рэспубліка Беларусь”, Вярхоўны Савет не задбаў пра яе скланяльнасьць адпаведна нормам беларускае мовы. І павялося граматычна замарожваць слова “Беларусь” у гэтым спалучэньні, нібыта яно чужаземнае ды іншароднае. “Закон Рэспублікі Беларусь”, “дамова ратыфікаваная Рэспублікай Беларусь” – як быццам Каралеўствам Тонга або Рэспублікай Гандýрас. Вядома ж, мае быць Закон Рэспублікі Беларусі, пагадненьне ратыфікаванае Рэспублікай Беларусьсю. (Цікава, што тут нават расейскія граматысты не запярэчаць, бо род агульнага слова "Рэспубліка" і назвы Беларусь супадае.)

Трэба ўсё ж "Рэспублікі Беларусі".

***

Такім чынам, выразы "Расейскія танкі – у Янакіева" і "Расейскія танкі – у Янакіеве" азначаюць зусім рознае, і блытаніна паміж "куды" і "дзе" ў крытычных умовах, калі няма як дадаткова тлумачыць, можа шмат каштаваць. Таму скланяйма сваё і па-свойму.