«Ці спыняецеся вы перад выбарчымі пікетамі, ці паставілі свой подпіс за вылучэньне каго-небудзь з палітыкаў кандыдатам на прэзыдэнта? Чаму?»
На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.
Your browser doesn’t support HTML5
Маладая жанчына: «Часьцей за ўсё бачу, што яны стаяць, калі еду ў транспарце. Зьвяртаю ўвагу, але не да ўсіх ёсьць давер. Падпісалася за Аляксандра Рыгоравіча, але я так разумею, што ў мяне ёсьць права падпісацца і за іншых».
Мужчына-інтэлігент: «Не, не падпісваўся ані за кога — ня надта актыўны ў палітычным сэнсе. Дый часу вольнага няма, каб гэтым займацца».
Дзяўчына, сёлетняя выпускніца ўнівэрсытэту: «Так, я зьвяртаю ўвагу і сачу за ходам перадвыбарчай кампаніі. І вось падпісалася з аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты. Падпісалася за Лябедзьку: лічу яго, у прынцыпе, вартым кандыдатам. Думаю, што, магчыма, вусы ён зголіць, бо ў нас ёсьць адзін вусаты. Трэба, каб хоць нешта зьмянілася, бо адзін чалавек ужо даволі шмат часу займае вышэйшую пасаду».
Мужчына, на выгляд рабочы: «Не падпісваюся, бо няма пашпарта. Думаю, што гэта й ня мае сэнсу: Лідзія Ярмошына ўжо ўсё вырашыла. У яе ў шуфлядзе ўсё ляжыць».
Пэнсіянэрка: «Не пасьпела падпісацца. Ніхто да мяне й не прыходзіў. Звычайна ж дадому прыходзяць. На вуліцы я таксама ня бачыла гэтых пікетаў. Не зьвяртала ўвагі, шчыра кажу».
Пэнсіянэр: «Цікаўлюся. Падпісаўся зараз за Лябедзьку. Дэмакратычны кандыдат, абяцае мільён рабочых месцаў — гэта цяпер надзённа. Гэта не абяцаць знайсьці крэдыт у Расеі на 2–3 мільярды, якія аддаваць нашым дзецям. Заробім! Вунь бедная Фінляндыя ад Расеі адкараскалася — там пясок і сосны і больш няма выкапняў — і мае цяпер адзін з самых высокіх узроўняў жыцьця. Чаму мы так ня можам? Не заўсёды ж нам з працягнутай рукою зьвяртацца то на захад, то на ўсход і маліць: дайце грошай, дайце крэдытаў».
Жанчына сярэдніх гадоў: «Мяне гэта не цікавіць, проста не цікавіць. Пазьней у паштовыя скрыні кінуць улёткі, я пра кожнага кандыдата пачытаю дома ўважліва, а потым прагаласую, за каго мне трэба».
Мужчына інтэлігентнага выгляду: «А ў нас выбары ёсьць у Беларусі? Няхай стаяць. Я магу парасон падняць і таксама пастаяць. Няма выбараў — няма ніякага сэнсу. Трэба, па-першае, каб Мікола Статкевіч ды іншыя палітвязьні з турмаў выйшлі, а потым ужо нейкі дыялёг з уладаю весьці. А так — навошта тыя подпісы трэба? Трэба змагацца, быць разам, я так разумею. Свабоду палітвязьням — каб яны выйшлі з турмаў, а потым ужо нешта рабіць, весьці дыялёг».
Інтэлігентка зь вёскі: «У вёсцы жыву й працую. Раз на сто гадоў бываю ў горадзе. Яшчэ ня бачыла пікетаў — нікога ня бачыла».
Жанчына ў гадах: «Падпісалася за Лябедзьку — ён мне даспадобы. Хочацца спадзявацца на лепшае. Мяне не задавальняе тое, што робіцца ў краіне — бяспраўе паўсюднае і ў эканоміцы ўсё кепска. Грошай няма, заробкаў у людзей няма, працы няма. Сумна ўсё».