Як адзначаюць актывісты ініцыятыўнай групы, улады, рыхтуючыся да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў, нічога не зрабілі, каб дэмакратызаваць выбарчы працэс.
«Па-ранейшаму не ўключаюцца ў выбарчыя камісіі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў і рухаў, праводзіцца прымусовы збор подпісаў у падтрымку кандыдата ўладаў. У такіх умовах мы наагул лічым бессэнсоўным удзел у выбарах, падтрымліваем заклік Міколы Статкевіча да грамадзянскага супраціву», — гаворыцца ў заяве групы.
Ініцыятыўная група Статкевіча заклікае ўсе дэмакратычныя арганізацыі і тых, хто жадае свабоды для Беларусі, падтрымаць яе ініцыятыву і, у прыватнасьці, акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі. У заяве таксама ёсьць заклік да міжнародных арганізацыяў, каб «абавязковай умовай прысутнасьці міжнародных назіральнікаў на беларускіх выбарах была адсутнасьць палітвязьняў у беларускіх турмах».
Днямі Мікалай Статкевіч, лідэр аргкамітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, які знаходзіцца ў зьняволеньні без малога пяць гадоў, заклікаў людзей да грамадзянскага супраціву і падзякаваў усім, хто ўвайшоў у склад ягонай ініцыятыўнай групы.
«Я разумею, што ў нашым запалоханым грамадзтве гэта — учынак, і дзякую ўсім, хто зьдзейсьніў гэты ўчынак. Такая падтрымка важная ня толькі для мяне, але і для ўсіх тых, хто знаходзіцца ў зьняволеньні з-за сваіх перакананьняў», — гаворыцца ў звароце апазыцыйнага палітыка, які ён перадаў сваёй жонцы Марыне Адамовіч падчас апошняга спатканьня ў магілёўскай турме.
Вылучэньне Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты на цяперашніх выбарах падтрымалі прадстаўнікі аргкамітэтаў па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, міжнароднага аб’яднаньня «Малады фронт» (Чэхія), руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі» і руху салідарнасьці «Разам». У ініцыятыўную групу Статкевіча ўвайшло больш за 1,7 тысячы чалавек, узначаліла яе Марына Адамовіч.
20 ліпеня Цэнтравыбаркам адмовіў у рэгістрацыі групы на падставе артыкула 60 Выбарчага кодэксу, згодна зь якім «кандыдатамі ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь ня могуць быць вылучаны грамадзяне, якія ня маюць права ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь займаць пасады ў дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях у сувязі з наяўнасьцю судзімасьці».
22 ліпеня Марына Адамовіч падала скаргу ў Вярхоўны суд. «Мы лічым, і думаю, што абгрунтавана лічым, што нерэгістрацыяй ініцыятыўнай групы парушаныя правы 1700 грамадзян, якія ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы», — заявіла яна. Аднак Вярхоўны суд адмовіў у разглядзе скаргі, бо паводле закону скарга павінна быць падпісаная самім заяўнікам.
Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў траўні 2011 году на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Цяпер ён адбывае пакараньне ў магілёўскай турме. Палітык павінен выйсьці на волю ў сьнежні 2016 году. Міжнародныя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зьняволеным.