Чуркін пагражае накласьці вета на рэзалюцыю аб трыбунале па Боінгу MN17

Віталь Чуркін

Нідэрлянды, Аўстралія, Бэльгія і Ўкраіна падтрымліваюць малайзійскі праект аб стварэньні ААН трыбуналу па расьсьледваньні зьбіцьця над Данбасам малайзійскага «Боінгу».

Расея прагаласуе супраць праекту рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН аб стварэньні міжнароднага трыбуналу па авіякатастрофе малайзійскага «Боінгу» на ўсходзе Ўкраіны. Пра гэта ў панядзелак заявіў сталы прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін.


Паводле яго слоў, у выпадку, калі дакумэнт набярэ неабходныя для прыняцьця дзевяць з 15 галасоў краін-сябраў Рады Бясьпекі, расейская дэлегацыя скарыстаецца правам вета.


Разам з тым, ён выказаў надзею, што малайзійскі праект аб стварэньні трыбуналу ня будзе пастаўлены на галасаванне.


«У мяне ёсць такая надзея, таму што я зусім ня бачу, што і як ад гэтага выйграе», — сказаў Чуркін.


Галасаваньне па праекце рэзалюцыі, прапанаваным Малайзіяй, прызначана на сераду. Акрамя малайзійскіх уладаў ідэю падтрымліваюць Нідэрлянды, Аўстралія, Бэльгія і Ўкраіна.


«Боінг» авіякампаніі Malaysia Airlines, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў зьбіты 17 ліпеня 2014 года пад Данецкам, як мяркуецца, прарасейскімі сэпаратыстамі з выкарыстаньнем комплексу «Бук».


Ўсе, хто быў на борце — 298 чалавек — загінулі. Большасьць загінулых былі грамадзянамі Нідэрляндаў.