У Менску пікеты ладзяцца ў самых шматлюдных месцах — непадалёк ад станцыяў мэтро і чыгункі, каля буйных крамаў і рынкаў. Гэткае разьмяшчэньне важнае ўлетку ў выходныя, калі бальшыня менчукоў выяжджае на лецішчы ці ў вёскі. І агульнае гарадзкое бязьлюдзьдзе ня дужа ўплывае на колькасьць падпісантаў у найбольш ажыўленых месцах, — кажуць валянтэры на пікетах розных кандыдатаў.
Зьміцер зьбірае подпісы за Тацяну Караткевіч:
«Сёньня даволі шмат людзей, і прычым цікавяцца тым, што адбываецца. Раней кажаш: добры дзень, прывітаньне — і людзі не адказваюць. А цяпер — самі падыходзяць, цікавяцца, не баяцца. Словам — пачалася праца: не бывае і пяці хвілін, каб мы прастаялі вольна. Людзі падыходзяць, нават чарга ёсьць. Гэта крута! Мы задаволеныя».
Іншы валянтэр, Іван з ініцыятыўнай групы Віктара Цярэшчанкі, кажа, што часта людзі больш цікавяцца не ягоным кандыдатам, а ім самім:
«Людзі падыходзяць, хочуць паразмаўляць, пацікавіцца. Я размаўляць магу і хачу, але і людзі розныя ёсьць. Ёсьць такія, якія дапытваюць занадта ж ужо дэталёва... А ёсьць такія, якія менавіта па справе цікавяцца, ставяць подпіс — і дзякуй ім за гэта».
Подпісы на вулічных пікетах зьбіраюць ужо чатыры дні. Заўважна, што за дзейнага кіраўніка краіны галасы зьбіраюць збольшага людзі старэйшага веку, а моладзь прэзэнтуе ініцыятыўныя групы кандыдатаў-дэмакратаў. Менавіта каля іхніх пікетаў людзі выказваюць свае меркаваньні найбольш адкрыта і ахвотна:
Спадар пэнсійнага веку: «Я падпісаўся за мадам Караткевіч. Спадзяюся, што яна крыху крыві папсуе гэтаму... Менавіта з-за гэтага, бо яна нічога зрабіць ня зможа. Канечне, калі яе не „задзяўбе“ КДБ».
Карэспандэнтка: «Нешта зьмяняць у краіне трэба?»
Спадар: «Пра што вы пытаецеся?! Але гэтага нельга зрабіць. Вы ж ведаеце, хто пры ўладзе. Уладу ён не аддасьць, бо яму крышка — вы ж ведаеце, што ён навырабляў. Пакуль Расея яго будзе трымаць — ён будзе трымацца. Калі б Расея яго не трымала, дык ён бы за пару дзён вылецеў».
Малады чалавек выступае за байкот:
«Не цікавіўся і падпісвацца ня буду. Бо выбары — гэта фарс, кожны раз фарс. Ігнараваць трэба гэтыя выбары».
З доўгай прамовай у інтэрвію Свабодзе выступіў спадар сярэдняга веку, які прадставіўся як грамадзянін Рэспублікі Беларусь Юры Аляксеевіч Радзькоў:
«Я думаю, што павінен быць альтэрнатыўны погляд, меркаваньне і выказваньне. Каб кожны чалавек мог выказаць тое, з чым ён згодны і з чым ён ня згодны. Калі вы бачыце, што каля пікетаў таго ці іншага кандыдата паныла стаяць чальцы іхніх ініцыятыўных групаў, то гэта значыць, што ня ўсё гэтак добра ў нашым „царстве“. А праблемаў у нас дастаткова: перадусім — гэта вельмі нізкі ўзровень дабрабыту насельніцтва, рэзка ўзрасла галеча. Гэта вельмі сур’ёзная праблема. Далей — адсутнасьць свабоды волевыяўленьня. Калі дзецюкі заседзеліся на сваёй карусэлі там, на „алімпе“, яны забыліся пра тое, што рана ці позна гэта ўсё заканчваецца. Тыя, хто круціць гэтую карусэль, — рабы там унізе — ім ужо жэрці хутка ня будзе чаго, а „вярхушка“ наіўна спадзяецца, што іх усё яшчэ будуць круціць і яны там будуць асалоду атрымоўваць. І калі сёньня „багі“ не зразумеюць, што так жыць нельга, калі ня спусьцяцца з „Алімпа“, каб праз сацыяльныя інстытуты — а выбары зьяўляюцца такімі — як найхутчэй абнаўляць кіроўны апарат і не хаваць за фанабэрыяй чыноўнікаў бардак, які творыцца ў эканоміцы, — толькі тады можна будзе выйсьці з сытуацыі, зь якой сутыкнулася наша грамадзтва. А калі чыноўнікі — той жа Аляксандар Рыгоравіч на Ўсходзе міласьціну просіць і на Захадзе таксама...»
Іншы мінак перакананы, што трэба, каб усе кандыдаты, у тым ліку Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, сустрэліся на дэбатах:
Бо прэтэнзіі ў кандыдатаў на прэзыдэнта перадусім — да дзейнай улады. І я таксама хацеў бы, каб дзейная ўлада не хавалася за сьпіны ідэалягічных работнікаў.
«Бо прэтэнзіі ў кандыдатаў на прэзыдэнта перадусім — да дзейнай улады. І я таксама хацеў бы, каб дзейная ўлада не хавалася за сьпіны ідэалягічных работнікаў. Прэзыдэнт павінен узначальваць ініцыятыўную групу, ён павінен ісьці „ў народ“, ён павінен першым станавіцца каля свайго пікета і размаўляць зь людзьмі. Ён калісьці дваццаць гадоў таму ішоў на прэзыдэнта ад народа, а цяпер мы бачым, што гэты чалавек цалкам страціў сувязь з грамадзтвам».
Назіральнік за ходам прэзыдэнцкай кампаніі ад незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасьці Ільля Дабратвор пэрыядычна наведвае месцы збору подпісаў. На яго думку, чарговы этап кампаніі паказвае: не зважаючы на апазыцыйную настроенасьць значнай часткі грамадзтва да дзейнай улады, ня варта ўскладаць спадзяваньні на выніковасьць ці большую адкрытасьць і дэмакратычнасьць цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў:
«Тое, што я бачыў, — пустэча на пікетах за Аляксандра Лукашэнку, нават там, дзе няма дэмакратычных актывістаў. Днямі на Камароўцы бачыў, як бабулі падыходзілі, сварыліся і адыходзілі ад гэтага пікета. Таксама ўжо можна казаць, што тэст на дэмакратычнасьць улады не прайшлі: з чатырнаццаці кандыдатаў, заяўленых, да прыкладу, партыяй БНФ, у выбарчыя камісіі ўвайшлі толькі два чалавекі. Тое самае — нядопуск у ЦВК таго ж Шульгана, нерэгістрацыя ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча, для чаго не было падстаў. Магчыма, што кампанія пройдзе паводле сцэнару 2010 году: дадуць правесьці пікеты — і гэта будзе самая лібэральная частка. А ўжо падчас галасаваньня ўсё будзе як звычайна. Бо для гэтай улады галоўная мэта — прызнаньне выбараў міжнароднай супольнасьцю. А астатнія „тэхнічныя дробязі“ нікога ўжо не цікавяць».