Тэрміновы ліст у Генпракуратуру Расеі.
Дарагія таварышы, гаспада!
Зь цікавасьцю сачу за паведамленьнямі аб вашай руплівай дзейнасьці на гістарычнай глебе. Аб прызнаньні вашай Генэральнай пракуратурай незаконнай перадачу Крыму ў склад УССР, а таксама пазьнейшы выхад прыбалтыйскіх рэспублік са складу СССР.
Раней я не сутыкаўся з такім нечаканым падыходам да гістарычных актаў з боку вельмі саліднай дзяржаўнай установы, якая стаіць на варце Закону, са шчытом і мячом.
Дарагія таварышы, напэўна цяпер вы шукаеце наступнай падзеі ў гісторыі, каб асудзіць яе і выкрыць тых, хто за яе адказвае, на падставе юрыдычнага права. Вельмі грунтоўнай нагодай будзе асудзіць падзелы Рэчы Паспалітай, якія, таварышы, таксама адбыліся незаконна. Ня трэба абмяжоўвацца толькі нядаўнімі часамі СССР, гаспада. Паколькі ваша шаноўная пракуратура цяпер працуе не пад сярпом і молатам, а пад царскім арлом, які сочыць за Ўсходам і за Захадам.
Сьцісла нагадаю таварышам пракурорам гісторыю пытаньня. 1772 год. Імпэратар Фрыдрых з імпэратрыцай Кацярынай дамовіліся пазбавіць суседнюю Рэч Паспалітую часткі тэрыторый. Пасьля чаго разам з Аўстрыяй пагадзіліся, што каб нікому не было крыўдна, трэба каб кожны адрэзаў сабе аднолькавы кавалак. Тры арміі адначасова ўступілі ў межы Рэчы Паспалітай, каб ажыцьцявіць свае тэрытарыяльныя жаданьні. Кожная армія хуценька заняла вызначаныя вобласьці.
Я, таварышы, не магу быць адвакатам для іншых, свая тэрыторыя бліжэй да цела. Нагадаю толькі, што царыца, завалодаўшы жыцьцямі 1 мільёна 300 тысяч чужых душ, акупавала беларускія землі да рэк: Дзьвіны, Друці і Дняпра, з Віцебскам, Полацкам, Амсьціславам.
Рэч Паспалітая здолела ўздыхнуць толькі ў 1791 годзе, прыняла канстытуцыю і дазволіла сабе павялічыць армію да ста тысяч чалавек. На жаль, на паперы. Але тры манархіі зразумелі, што іх могуць папрасіць вярнуць нарабаваныя землі. Зноў Расея з Прусіяй пагадзіліся, што наступіў час другога па ліку падзелу Рэчы Паспалітай. 1793. Акупанты зноў прымусілі сэйм, скліканы ў Горадні, адкуль вам пішу ў Маскву, зацьвердзіць вынікі анэксіі. Гэтым разам Санкт-Пецярбург адцяў тэрыторыі цяперашніх Беларусі і Ўкраіны з жыхарствам каля 4 мільёнаў душ.
Тадэвуш Касьцюшка ня мог зьмірыцца, пастаў супраць акупантаў. Яго сялянскія атрады сьпявалі:
«Дакуль будзем так маўчаці?
Годзе нам сядзець у хаце!
Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы закавалі?!»
Супраць рэгулярных армій – паўстанцкія атрады? Недарэчнасьць! Акупанты сьвяткавалі шампанскім. Рагаталі і пастанавілі зусім зьнішчыць Рэч Паспалітую, каб не засталося сьледу. Каб больш ня дзёргалася. 1795. Рэч Паспалітая была зьліквідаваная. Царыца несумленна атрымала беларускія і ўкраінскія тэрыторыі ад Горадні да Нямірава, 1 мільён і 200 тысяч душ.
Дзяржавы з назвай Рэч Паспалітая, таварышы, больш не існавала. Заставаўся толькі яе кароль. Яго перавезьлі пад аховай у Горадню над Нёмнам, дзе змусілі адрачыся ад пасаду, скласьці свае паўнамоцтвы. 1795.
Разумею, дарагія таварышы, вам цяжка асуджаць сваю былую царыцу, хоць яна была нярускай, чужой германскай крыві. Але прапаную кампраміс: усё валіце на земляка яе Фрыдрыха Вялікага. Скаціна была яшчэ тая. У Бога ня верыў, раз. А вы цяпер верыце, на чале са сваім гаспадзінам прэзыдэнтам. Другое: масонам быў махровым, бэрлінская ложа «Тры глёбусы» – ягоных рук справа. Так што валіце на яго: Рэч Паспалітая стала ахвярай масонскай змовы, таварышы.
Няхай жыве гістарычная справядлівасьць! Супрацоўнікі генэральнай пракуратуры РФ, больш настойліва ўцягвайцеся ў справу асуджэньня і скасаваньня незаконных каншахтаў, пераваротаў і змоваў: пакту Молатава-Рыбэнтропа, Рыжскага міру, акупацыі прыбалтыйскіх дзяржаў і захопніцкай вайны супраць незалежнай Фінляндыі, захопу ўлады бальшавікамі ў Расейскай імпэрыі. Ёсьць і больш сьвежыя прыклады: агрэсія ў Вугоршчыне (1956), акупацыя Чэхаславаччыны (1968). Дарагія таварышы, гэта толькі пачатак. Наступная работа для вас будзе падрыхтаваная своечасова. Царская імпэрыя, а затым СССР і Расейская Фэдэрацыя даюць нам багаты грунт для асуджэньня юрыдычна незаконных дзеяньняў, якія супярэчылі і супярэчаць міжнароднаму праву.
Ваш заўсёды прыхільнік гістарычнай справядлівасьці, няхай заднім чыслом.
Горадня на Нёмане, горад пахаваньня Рэчы Паспалітай
Сяргей Астраўцоў