Касьба з Дэпардзьё: імідж — усё

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з францускім акторам Жэрарам Дэпардзьё, урокі касьбы, дадзеныя кіраўніком Беларусі госьцю — магчыма, мадэль, паводле якой будзе збудаваная ўся выбарчая кампанія дзейнага прэзыдэнта.

На мінулых выбарах, пачынаючы з 1994 году, Лукашэнка прапаноўваў нейкі вобраз будучыні Беларусі. Камусьці гэты вобраз падабаўся, камусьці — не, але ён быў, былі нейкія пляны, абяцаньні. Зараз (прынамсі, пакуль) такога пляну, вобразу не праглядаецца. Ня будзем нічога прынцыпова мяняць, падвоім высілкі, лепш будзем працаваць, асабліва чыноўніцтва — неяк вось так.

Можа, такі падыход і не пазбаўлены лёгікі — калі ў незразумелай сытуацыі нічога кардынальнага не рабіць, то можа яно неяк і само рассмокчацца. У рэшце рэшт ужо якія жахі прадракалі ў 2011 годзе, а неяк выблыталіся.

Прэзыдэнт-мужык паразумеўся са знакамітасьцю-мужыком

Але ў год выбараў такое бачаньне будучыні неяк не натхняе. Асабліва на адпаведным эканамічным фоне. Як сказаў рабочы МТЗ у апытаньні Радыё Свабода: «Прэзыдэнт падабаецца, але крызіс не падабаецца». І калі на гэта няма асабліва нічога адказаць, акрамя народнага «трэба жыць, як набяжыць» — гэта пэўная праблема.

Яе вырашэньне, гледзячы па ўсім, бачыцца ў стварэньне вобразу ня будучыні, а асобы.

У тым жа прыёме Дэпардзьё і сумеснай касьбе зь ім — суквецьце разнастайных пасланьняў. Знакаміты актор, любімы народам (кіно ж усе глядзяць), пры гэтым просты мужык, адзін жахліва непаліткарэктны жарцік пра «добрае малако і добрых жанчынаў для такога бычка, як я» чаго варты. Дэпардз’ё гэтую ролю іншай, «нашай» Эўропы разыграў, як па нотах.

Ну, і прэзыдэнт-мужык паразумеўся са знакамітасьцю-мужыком.

І геапалітычна ўсё выверана да мікрону: з аднаго боку, адэпт Пуціна, расейскі грамадзянін як-ніяк, а з другога — а ўсё ж такі Эўропа, не Кабзон які, усё ж з самога Парыжу, так бы мовіць, на наш пакос завітаў.

З аднаго боку, адэпт Пуціна, расейскі грамадзянін як-ніяк, а з другога — а ўсё ж такі Эўропа, не Кабзон які

Яшчэ адзін вобраз таксама напагатове — прэзыдэнт-міратворац. У адрозьненьне ад сустрэчы з Дэпардзьё, якая ёсьць чыстая «фабрыка мараў», тут ёсьць і аб’ектыўны складнік — ролю Беларусі ў мірным працэсе прызнаюць многія па ўсім сьвеце, да менскіх пагадненьняў апэлююць усе бакі канфлікту і іх адвакаты.

Для іншага народу гэтая роля можа магла б нават стаць аналягам расейскага «крымнаш», у выніку якога рэйтынг Пуціна расьце на фоне падзеньня жыцьцёвага ўзроўню расейцаў. Але ці то беларусы народ больш скэптычны, ці то міратворчасьць (а дакладней, добрыя паслугі ў гэтай справе) наагул менш натхняе, але эфэкту, падобнага «крымнаш», дасягнуць не атрымліваецца. Але нейкага дасягнуць магчыма і атрымаецца.


І цікава, што і ў гэты імідж, як і ў імідж з Дэпардзьё, убудаваная Эўропа, Захад. Мір-та быў заключаны з удзелам ня толькі Масквы, але і Бэрліну і Парыжу. Мэркель і Алянда Лукашэнка касіць, на іх шчасьце, не вучыў, але і гэты вобраз сканструяваны як спалучэньне Эўропы і Расеі. Прычым так, што Маскве няма як і на што запярэчыць.


Калі праўдзівая інфармацыя, агучаная славацкім палітыкам і грамадзкім дзеячом Паўлам Дэмэшам, пра візыт кіраўніка Беларусі ў Ватыкан напярэдадні выбараў, то і гэты крок будзе ў тым жа рэчышчы, што два названыя — у рэчышчы сарамлівай эўрапейскасьці.

Прысутнасьць гэтага складніка — даволі цікавы момант. На першы погляд, большасьці беларусам падабаецца «крымнаш», падабаецца Пуцін, расейская прапаганда дзейнічае, як зброя масавага зьнішчэньня, а Лукашэнка ўключае Захад у свае іміджавыя схемы.

Можна патлумачыць гэта жаданьнем палепшыць адносіны з Захадам, але дасягненьню гэтай мэты касьба з Дэпардзьё не спрыяе аніяк. Так што прынамсі гэта — на ўнутранага, а не на зьнешняга спажыўца.

Магчыма, Лукашэнка адчувае, што ніякага глыбіннага непрыняцьця Эўропы ў беларусаў няма. І нават сымпатыі да Расеі спалучаюцца з пэўнымі перасьцярогамі ад яе непрадказальнасьці.

Але ў любым выпадку выглядае, што камэртонам выбарчай кампаніі дзейнага кіраўніка дзяржавы будзе менавіта такое будаўніцтва вобразаў моцнага народнага лідэра. Са слоганам, адваротным знакамітаму слогану Sprite: «Смага — нішто, імідж — усё».