Пра пашырэньне «чорнага сьпісу» паведаміў сайт 42.TUT.BY са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сытуацыяй.
Паводле гэтай крыніцы, цяпер для доступу зь Беларусі будуць забароненыя спасылкі на асобныя відэа палітычных акцыяў на Youtube, некалькі супольнасьцяў у сацыяльных сетках Facebook, «Укантакце» і Twitter, а таксама адна пэрсанальная старонка карыстальніка «Ўкантакце».
Паведамляецца, што прычына блякаваньня для ўсіх адрасоў аднолькавая: «Матэрыялы інфармацыйнай прадукцыі, разьмешчаныя на складовай частцы інфармацыйнага рэсурсу, прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе рашэньняў суду». У якасьці падставы для блякаваньня прыводзіцца закон «Аб сродках масавай інфармацыі».
Правайдэры абавязаныя будуць закрыць доступ да старонак са сьпісу на працягу сутак.
Якія канкрэтна інтэрнэт-старонкі заблякаваныя, пакуль невядома.
Інфармацыю пра блякаваньне інтэрнэт-старонак у інспэкцыі камэнтаваць адмовіліся, аднак і не абверглі яе.
«На цяперашні момант ніякіх камэнтароў з гэтай нагоды давацца ня будзе», — заявіў Радыё Свабода начальнік аддзелу інфармацыйных тэхналёгіяў Аляксандар Сімановіч.
Ён ня выключыў, што нейкія камэнтары будуць дадзены пазьней.
Сімановіч таксама дадаў, што ўсе рашэньні пра абмежаваньне доступу да інфармацыйных рэсурсаў прымае Міністэрства інфармацыі.