Маніторынг будзе праводзіць Беларускі Хэльсынскі камітэт пры падтрымцы Penal Reform Int. Запіс валянтэраў у праект ужо пачаўся.
Падчас маніторынгу акцэнт будзе рабіцца не на барацьбе праваахоўных органаў са злачыннасьцю, а на так званых сэрвісных функцыях міліцыі. Напрыклад, будзе пратэсьціравана, як хутка здымуць слухаўку ў «102», як рэагуюць на звароты грамадзян, як стаіць справа з паркоўкамі каля аддзяленьняў, ці лёгка знайсьці само аддзяленьне і ці ёсьць там узоры скаргаў, і г. д.
«Міліцыя павінна выконваць пэўныя сэрвісы, дапамагаць людзям. Тое, наколькі міліцыя ўмее гэта рабіць, наколькі яны зручныя для людзей, — гэта зацікаўленасьць ня толькі сыстэмы, гэта зацікаўленасьць людзей. І ў пэўным сэнсе адказнасьць таксама. Менавіта людзі, якія спажываюць гэтую паслугу, яны зацікаўленыя ў тым, каб паслуга была якасная, і яны могуць дапамагчы зрабіць гэту паслугу якаснай. Для гэтага патрэбная зваротная сувязь. У прынцыпе, мы бачым, міліцыя таксама гэтым займаецца — ёсьць усялякія гарачыя лініі, тэлефоны даверу. Але і іншыя формы таксама будуць карыснымі», — сказаў у інтэрвію Радыё Свабода старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.
Гулак адзначае, што праваабаронцы будуць спрабаваць наладзіць камунікацыю ў пытаньні маніторынгу з кіраўніцтвам менскай міліцыі, хоць пакуль ніякіх дамоўленасьцей на гэты конт няма.
Вядома, мы будзем кантактаваць і з кіраўніцтвам міліцыі — спадзяюся, яны нас зразумеюць.
«Вядома, мы будзем кантактаваць і з кіраўніцтвам міліцыі — спадзяюся, яны нас зразумеюць. Гэта ж насамрэч ня дзеля таго, каб крытыкаваць, робіцца, а каб палепшыць іх працу, даць ім магчымасьць быць лепшымі», — кажа ён.
Цікава, што напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску праваабаронцы праводзілі пілётнае дасьледаваньне ў гэтым пытаньні. Праца міліцыі і тады разглядалася перш за ўсё з сэрвіснага пункту гледжаньня.
«Высновы дасьледаваньня былі ня самыя горшыя для нашай міліцыі. Вядома, ня ўсё там было гладка, але, у прынцыпе, наша міліцыя выглядала часам лепш, чым расейская і ўкраінская (аналягічныя дасьледаваньні рабіліся ў Расеі і Ўкраіне — РС)», — адзначае старшыня БХК.