Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская выбарчая камісія будзе без апазыцыі


У Гомелі партыя «Справядлівы сьвет» зьбіраецца абскарджваць рашэньне ўладаў, якія адмовіліся ўключыць іх прадстаўніка ў склад абласной выбарчай камісіі.

Гомельская рэгіянальная арганізацыя Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» накіравала скаргу ў абласны суд на адмову ўключыць у склад абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта свайго прадстаўніка, кандыдата біялягічных навук, экс-дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Хоміча.

Пра гэта заявіў кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі «Справядлівага сьвету» Ўладзімер Сякерка. На яго думку, «нежаданьне зацікаўленых асобаў мець у складзе выбарчай камісіі дэмакратычнага прадстаўніка дае падставы сьцьвярджаць аб непразрыстасьці ўсяго будучага выбарчага працэсу і немагчымасьці правядзеньня дэмакратычнага кантролю за будучай дзейнасьцю абласнога выбаркаму».

Пра тое, што ні Віктара Хоміча, ні прадстаўніцу Аб’яднанай грамадзянскай партыі Зінаіду Шуміліну не ўключылі ў склад абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта, стала вядома пасьля сёньняшняга паседжаньня прэзыдыюму гомельскіх аблсавету і аблвыканкаму.

Прысутны на паседжаньні прадстаўнік БХК у рэгіёне Віктар Адзіночанка апавёў, што фармаваньне камісіі цягнулася 25 хвілін. У яе склад былі прапанаваныя 24 кандыдатуры, уключылі 13 чалавек. Прэтэндэнтам давалі станоўчую характарыстыку: маўляў, гэта актыўныя грамадзяне, маюць досьвед працы ў выбарчых камісіях. Пра дэмакратычных вылучэнцаў, Віктара Хоміча і Зінаіду Шуміліну, згадалі толькі, што яны пэнсіянэры.

Ад «грамадзкасьці» ў склад абласной камісіі па выбарах прэзыдэнта ўвайшлі прадстаўнікі «праўладных арганізацыяў, кшталту «Белай Русі», ад палітычных структураў — вылучэнец «Партыі працы і справядлівасьці», пра існаваньне якой грамадзяне чуюць толькі ў пэрыяд выбараў.

Аб’яднаная грамадзянская партыя ня будзе абскарджваць рашэньне прэзыдыюму гомельскіх аблсавету і аблвыканкаму наконт неўключэньня свайго вылучэнца ў склад выбарчай камісіі. Як патлумачыў намесьнік кіраўніка партыі Васіль Палякоў, падаваць заяву ў суд — толькі час марнаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG