Апублікаванае новае відэа зь месца падзеньня «Боінга» пад Данецкам

Нямецкі журналіст-стрынгер Білі Сікс (Billy Six), які працуе на Данбасе і які зьбірае сьведчаньні пра абставіны катастрофы самалёта «Боінг-777» малайзійскіх авіяліній, апублікаваў новы відэаролік, зьняты ў першыя хвіліны пасьля падзеньня ляйнэра.

У апісаньні відэа гаворыцца, што запіс зроблены ў вёсцы Грабава 17 ліпеня 2014 году.

На відэа працягласьцю паўтары хвіліны мужчына і жанчына (яна здымае на мабільны тэлефон з адкрытага акна аўтамабіля) едуць міма поля, над якім падымаецца слуп чорнага дыму. Яны пачынаюць заўважаць парэшткі чалавечых цел. Мужчына ня можа зразумець, што адбылося, але даволі хутка робіць здагадку, што на поле ўпаў «самалёт ці верталёт». «Мамачкі, там яшчэ людзі!», кажа ён, жанчына пачынае плакаць, кіроўца ненадоўга выходзіць з машыны, пасьля чаго разварочваецца і зьяжджае.

Тры дні таму, у першую гадавіну катастрофы «Боінга», відэазапіс, зроблены неўзабаве пасьля яго падзеньня, апублікавала аўстралійская мэдыякампанія News Corp. На кадрах бачна, як сэпаратысты аглядаюць сумкі пасажыраў, спрабуючы высьветліць прыналежнасьць самалёта, і фатаграфуюць месца падзеньня ляйнэра.

Па асноўнай вэрсіі самалёт быў зьбіты ў небе над Украінай ракетай. Расейскія афіцыйныя асобы вылучалі некалькі вэрсій, па якіх ракета была выпушчаная ўкраінскім зьнішчальнікам або ўкраінскай устаноўкай «Бук». Улады Ўкраіны сьцьвярджаюць, што самалёт быў зьбіты прарасейскімі сэпаратыстамі, магчыма, з дапамогай расейскіх вайскоўцаў, з расейскага «Бука». Першыя афіцыйныя вынікі расьсьледаваньня міжнароднай сьледчай групы ў гэтай справе будуць апублікаваныя восеньню 2015 году. У выніку трагедыі загінулі 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце «Боінга». 196 зь іх былі грамадзянамі Нідэрляндаў.