Украінка Надзея Саўчанка, якую ў Расеі абвінавачваюць у забойстве журналістаў у Данбасе, зьвярнулася да генэральнага сакратара ААН Пан Гі Муна з просьбай паўплываць на расейскае кіраўніцтва, каб забясьпечыць ёй нармальныя ўмовы судовага разбору. У прыватнасьці, яна просіць перанесьці разгляд крымінальнай справы ў суд у Маскве. Зварот Саўчанкі апублікаваў у «Фэйсбуку» адвакат Марк Фейгін.
У лісьце паведамляецца, што горад Данецк Растоўскай вобласьці, куды Генэральная пракуратура накіравала матэрыялы справы ў дачыненьні да Саўчанкі, зьяўляецца «галоўным цэнтрам і перавалачным пунктам для перапраўкі расейскай зброі і прарасейскіх сэпаратыстаў» у Данбас. Саўчанка лічыць, што людзі, якія там знаходзяцца, могуць уяўляць пагрозу для жыцьця членаў яе сям’і, якія хочуць прысутнічаць на судзе. Яна адзначае, што яе адвакаты «пастаянна атрымліваюць пагрозы ад прыхільнікаў» самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік».
У пачатку ліпеня Сьледчы камітэт перакваліфікаваў абвінавачваньне Саўчанцы на больш цяжкае. Калі раней украінскую вайскоўку абвінавачвалі ў датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў у Данбасе летась, то цяпер у віну ёй ставіцца непасрэдна забойства. Па гэтым артыкуле ўкраінскай лётчыцы пагражае да 25 гадоў пазбаўленьня волі. Саўчанка абвінавачваньні абвяргае.