Грэцыі прадказваюць «украінізацыю»

Грэцкі міністар фінансаў прапануе ўвесьці драхму і абменьваць яе па курсе адзін да аднаго з эўрам, калі ў часе нядзельнага рэфэрэндуму здабудуць перамогу прыхільнікі «не». «Украінізацыя» — так камэнтатары вызначаюць сцэнар магчымых беспарадкаў.

Напярэдадні галасаваньня «за» ці «супраць» умоваў эўракрэдытораў Цыпрас заявіў: «Я — прэм’ер не на ўсе часы». Бэрнар-Анры Леві заклікае разьвітацца з «грэцкім піраманьякам-дэмагогам», «які спрабуе сысьці ад адказнасьці за катастрофу, якую справакаваў ён і толькі ён». Калі Грэцыя выйдзе зь эўразоны, Кэмэрану будзе лягчэй цанавацца з ЭЗ аб выгадных умовах членства для Брытаніі, пішуць СМІ. Крэмль назірае «усхвалявана і зларадна».

У нядзелю грэцкі народ будзе галасаваць на рэфэрэндуме «за» ці «супраць» умоваў «тройкі», куды ўваходзяць ЭЦБ, МВФ і Эўракамісія, піша Яніс Мутсас у Die Welt. У пачатку тыдня прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас ясна даў зразумець, што зробіць высновы, калі большасьць грэкаў скажа «так»: «Я — прэм’ер-міністар не на ўсе часы».

На адрас цяперашняга ўраду гучыць падвойная крытыка ў сувязі з рэфэрэндумам, гаворыцца ў артыкуле: за празьмерную агітацыю галасаваць супраць прапановаў эўракрэдытораў і за тое, што ў бюлетэні для галасаваньня графа «не» знаходзіцца вышэй графы «так».

Але грэцкі бізнэс рыхтуецца да «паразы Цыпраса». Мутсас спасылаецца на неназваную кампанію — «буйнога гульца ў сфэры аховы здароўя». Кампанія склікала экстранную нараду кіраўнікоў, якія пазьней заявілі, што іх супрацоўнікі «пойдуць на рэфэрэндум і ў большасьці прагаласуюць за ўмовы крэдытораў, у краіне будуць праведзеныя новыя выбары, а СІРЫЗА пацерпіць паражэньне».

У Грэцыі ходзяць чуткі, што ў такім выпадку новы ўрад можа ўзначаліць старшыня ЦБ Яніс Стурнарас, які займаў пасаду міністра фінансаў у кааліцыйным урадзе сацыялістычнай партыі ПАСОК і кансэрватыўнай «Новай дэмакратыі».

«Грэцкі прэм’ер спрабуе сысьці ад адказнасьці за катастрофу, што насоўваецца, якую справакаваў ён і толькі ён», — піша на старонках The Daily Beast філёзаф і журналіст Бэрнар-Анры Леві.

На думку Леві, пакет дапамогі Грэцыі з боку Міжнароднага валютнага фонду, «улічваючы непагашаныя даўгі і мінулыя памылкі, — гэта лепшае, што мог прапанаваць МВФ, якому адначасова трэба было вызначаць лёс дапамогі Тунісу, прымаць рашэньне аб крэдытаваньні Бурундзі і пераглядаць пляны падтрымкі сыстэм аховы здароўя у краінах, якім больш за ўсіх дасталася ад віруса Эбола».

Грэцкі прэм'ер-міністар Алексіс Цыпрас і расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін

Але «замест таго каб назваць тых, хто на самай справе нясе адказнасьць за крызіс (а ў гэты клюб уваходзяць афшорныя транспартныя магнаты і вызваленае ад падаткаў духавенства), Цыпрас да млоснасьці мусоліць нацыянал-папулісцкі рэфрэн пра злосную Эўропу, якая душыць узорную дэмакратыю», — гаворыцца ў артыкуле.

«Сьвежы аргумэнт зьявіўся ў Цыпраса паміж двума „вячоркамі“ з Уладзімірам Пуціным: ён высунуў ідэю рэфэрэндуму, які, улічваючы кантэкст, тэрміны і, галоўнае, дбайнае затуманьваньне пытаньня, нагадвае ня акт народнага волевыяўленьня, а хутчэй вытанчана сфармуляваны ліст з патрабаваньнем выкупу, адрасаваны Захаду» , - сьцьвярджае Леві.

Супрацьпастаўляючы Цыпраса яго папярэдніку Георгіясу Папандрэў, аўтар артыкула абвінавачвае цяперашняга прэм’ера ў «безадказнасьці, дагматызме і, як я падазраю, няздольнасьці прымаць рашэньні».

«Ці можна так кіраваць вялікай краінай? Хіба Грэцыя не заслугоўвае кагосьці больш годнага, чым піраманьяк-дэмагог, які далучаецца да нэанацыстаў з „Залатога золку“, каб прапхнуць свой заплянаваны плебісцыт ў горла парлямэнту?» — заключае Леві.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель

Усе — і МВФ, і Нямеччына, і Грэцыя — зьдзяйсьнялі памылкі, але аж да мінулай пятніцы не было фатальных памылак, здольных падарваць давер партнэраў адзін да аднаго, піша аглядальнік El Pais Луіс Басэтс. Але варожы жэст Цыпраса будзе цяжка сьцерці з памяці. «СІРЫЗА ўжо выйшла зь Эўразьвязу», — лічыць аўтар.

Рэфэрэндум, прызначаны Цыпрасам, — гэта толькі бачнасьць дэмакратыі. «Цыпрасу была зробленая сур’ёзная прапанова, якую ён спачатку адхіліў, а потым пажадаў прыняць», а цяпер «вынес на рэфэрэндум блытанае, незразумелае пытаньне», — гаворыцца ў артыкуле.

На думку аўтара, адстаўка Цыпраса — пытаньне часу. Калі ж Цыпрас пераможа на рэфэрэндуме, то і Грэцыя, і ЭЗ застануцца ў пройгрышы. Больш за тое, «ніводзін разважны чалавек ня стане весьці перамовы аб тым, каб Грэцыя засталася ў эўразоне». Інакш аўтарытэт ЭЗ цалкам абрынецца, правілы гульні апынуцца на міласьці любога, хто пажадае іх парушыць.

Акрамя таго, крок Грэцыі стане запрашэньнем да далейшага разбурэньня эўразоны, лічыць аўтар. Ён нагадвае словы Мэркель: «Калі эўра абрынецца, абрынецца і Эўропа». «У Крамлі за гэтай сцэнай будуць назіраць усхвалявана і зларадна, быццам гэта пачатак рэваншу і ЭЗ уступае на той жа шлях распаду, што прайшоў СССР», — заключае Басэтс.

Брытанскі прэм'ер-міністар Дэвід Кэмэран

Калі Грэцыя пакіне эўразону, Дэвід Кэмэран, магчыма, здолее дамовіцца з Эўрасаюзам аб больш выгадных умовах членства, піша The Independent. Праўда, у кароткатэрміновай пэрспэктыве грэцкі крызіс можа запаволіць эканамічны рост у эўразоне.

Брытанцы, якія маюць праэўрапейскія настроі, прызнаюць: сёньняшняя турбулентнасьць можа стаць для ЭЗ «дрэннай рэклямай», але чыноўнікі ў Лёндане і Брусэлі мяркуюць, што пазыцыя Кэмэрана на перамовах з ЭЗ можа ўмацавацца. У 2017 годзе Кэмэран паабяцаў правесьці рэфэрэндум аб выхадзе з ЭЗ, але перад рэфэрэндумам плянуюцца перамовы аб новых умовах членства Вялікабрытаніі ў блёку.

«Дыпляматы не выключаюць, што іншыя краіны эўразоны пасьпяшаюцца з заплянаванымі рэформамі, спрабуючы пераканаць фінансавыя рынкі, што эўра застаецца жыцьцяздольным», — піша карэспандэнт.

Дыпляматы мяркуюць: выхад Грэцыі зь эўразоны можа падмацаваць прапанову Кэмэрана — ідэю зрабіць для Брытаніі выключэньне з абавязацельстваў ЭЗ «мацаваць усё больш цесны саюз». Неназваная высокапастаўленая крыніца ў Брусэлі сказала: «Становішча кардынальна зьменіцца. Гэта можа дапамагчы Брытаніі. Кэмэрану стане лягчэй сьцьвярджаць, што яго рэформы пойдуць на карысьць Эўропе, а ня проста стануць адмысловымі ўмовамі для Брытаніі».

Стывен Бут з аналітычнага цэнтру Open Europe заўважыў: «Менавіта ідэалёгія» ўсё больш цеснага саюзу «ўскладняе Брытаніі існаваньне ў рамках ЭЗ». На думку Бута, калі ЭЗ абвесьціць сябе «агульным рынкам», дзе нярынкавыя сфэры жыцьця рэгулююцца добраахвотнымі пагадненьнямі, то ахвотныя змогуць заключыць палітычны саюз, а краіны, якія гэтага ня хочуць, проста працягнуць супрацоўніцтва.

Грэцкі міністар фінансаў Яніс Варуфакіс

Грэцкі міністар фінансаў Яніс Варуфакіс прапануе ўвесьці драхму і абменьваць яе па курсе адзін да аднаго з эўра, калі ў часе нядзельнага рэфэрэндуму атрымаюць перамогу прыхільнікі «не», паведамляе Corriere della Sera.

Ідэя заключаецца ў зьяўленьні новай валютнай мадэлі, у якой толькі тэарэтычна драхма будзе роўная эўра, але гэта неабходна для рэкапіталізацыі банкаў, каб яны маглі адкрыцца раней, чым у Атэнах ўспыхне паўстаньне. «Украінізацыя» — так Варуфакіс вызначае сцэнар беспарадкаў, і, каб пазьбегнуць яго, вывучаецца тое, як функцыянуе «біткойн» (віртуальная валюта), піша карэспандэнт.

Паводле inopressa.ru