Арт-праекты паводле ініцыятывы віцебскай моладзі і Цэнтру сучаснага мастацтва сталі данінай памяці «дзядзьку Рыгору». У дворыку дома № 7 па вуліцы Талстога ладзілася шмат культурніцкіх падзеяў гарадзкога маштабу, але такой вялікай колькасьці культурніцкіх праектаў, увасобленых разам, гараджанам бачыць яшчэ не даводзілася.
«Назва „Барадулінкі“ — даніна павагі асобе і творчасьці народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Летні маркет „Барадулінкі“ — кірмаш вырабаў маладых майстроў хэнд-мэйду, выступ Андрэя Хадановіча, продаж сувэніраў і кніг, гарадзкая фотасушка, „Сьпеўны сход“, канцэрт гурту TonkiXod, паказ лепшых айчынных кароткамэтражак — усё гэта мусіць нагадваць пра асобу нашага земляка і творцы», — кажа каардынатар віцебскай Арт-базы Ўладзімір Булаўскі.
«Барадулінкі» працягваліся з 13.00 і да поўначы 27 чэрвеня. У гэтыя выходныя Віцебск адзначае Дзень горада, і вуліца Талстога стала на гэты час сапраўдным цэнтрам беларускага жыцьця.
Некаторыя іншыя сьвяточныя мерапрыемствы пакінулі ў гасьцей горада і віцебскіх журналістаў даволі сумнае ўражаньне: прыкладам, па цэнтры Віцебску прайшло тэатралізаванае шэсце, дзе побач праехаліся на конях князь Альгерд, мітычная княгіня Вольга і Аляксандар Неўскі, помнік якому прагнуць усталяваць віцебскія ўлады. А ззаду прайшла калёна «палонных немцаў» пад наглядам «узброеных чырвонаармейцаў», спартоўцы, маладыя ў шлюбных строях і «старыкі Хатабычы» зь піянэрамі ў чырвоных гальштуках.