Марцін Угла: Швэцыя саступіла, Лукашэнка перамог

Марцін Угла (зьлева) на Днях Беларусі ў Швэцыі, 21 сакавіка 2013 году

25 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка прыняў даверчыя лісты швэдзкага амбасадара Марціна Обэрга і заявіў, што «надышла пара аднавіць поўнафарматнае супрацоўніцтва са Швэцыяй».

Швэцыя, адзначыў Лукашэнка, грае важную ролю ў рэгіянальных і субрэгіянальных працэсах на поўначы Эўропы і «яе голас важка гучыць у Эўразьвязе». Ён прызнаўся, што ніколі не хаваў, што нам, беларусам, ёсьць чаму павучыцца ў Швэцыі.

Ці можна лічыць, што дыпляматычны канфлікт паміж Швэцыяй і Беларусьсю вычарпаны і чым абумоўленае жаданьне швэдзкага МЗС супрацоўнічаць зь Беларусьсю, разважае кіраўнік швэдзкай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла.

— Спадар Марцін, як бы вы ахарактарызавалі пазыцыю Швэцыі ў дачыненьні да Беларусі? Ці можна казаць, што яна зьмянілася ад прынцыповай да прагматычнай?

— На жаль, Швэцыя саступіла беларускім уладам цягам апошніх гадоў. Калі ў 2012 годзе ўзьнік дыпляматычны канфлікт, то міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт вельмі жорстка выказаўся, што Швэцыя ня будзе маўчаць, што мы будзем працягваць выказвацца пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, па сытуацыі з дэмакратыяй у гэтай краіне. Але трэба канстатаваць — ніякага станоўчага выніку з гэтага не было. Швэцыя замаўчала. І гэта вельмі сумна, таму што цяпер прыйшоў той час, калі варта было б узмацніць ціск на рэжым у Беларусі. А ў выніку беларускія ўлады перамаглі ў гэтым канфлікце. Я б вельмі хацеў бачыць, што Швэцыя больш актыўна выказваецца па сытуацыі ў Беларусі, але цяпер нічога ня чутна. На жаль, Швэцыя маўчыць пра новых палітвязьняў. Відавочна, што Швэцыя выбрала асьцярожную ролю. Вельмі шкада. Цяпер ясна, што гэтае маўчаньне было зроблена дзеля таго, каб усё ж аднаўляць паўнавартасныя дыпляматычныя стасункі зь Беларусьсю. Тое, што цяпер адбываецца, гэта вынік гэтага працэсу. Я б ня стаў жадаць добрых адносінаў паміж нашай амбасадай і ўладамі, якія рэгулярна парушаюць правы чалавека. Гэта натуральна, калі адносіны з такімі ўладамі кепскія. Але, відаць, у МЗС Швэцыі вырашылі інакш.

— Такія саступкі з боку Швэцыі абумоўленыя эканамічнымі сувязямі паміж нашымі краінамі? Ці можна казаць, што прагматычны чыньнік перамог каштоўнасны?

— Так, ёсьць эканамічныя інтарэсы. Але таксама ёсьць марныя спадзяваньні, што аднаўленьне адносінаў Швэцыі зь Беларусьсю можа станоўча паўплываць на разьвіцьцё падзеяў у рэгіёне ўвогуле. Я маю на ўвазе сытуацыю з Украінай і Расеяй. Швэцыя, як і іншыя сябры Эўрапейскага Зьвязу, наіўна думае, што яны могуць праз супрацоўніцтва з Аляксандрам Лукашэнкам нейкім чынам уплываць на сытуацыю. Асабліва ўлічваючы, што беларускі прэзыдэнт узяў на сябе ролю міратворцы. Гэта спрацавала, хоць я ніколі ня верыў у нэўтралітэт Беларусі. Аднак для Эўропы гэта добра спрацавала.

— Вы мелі намер наведаць Беларусь падчас леташняга чэмпіянату сьвету па хакеі. Але ў аэрапорце вас затрымалі і адправілі назад у Швэцыю. Як вы лічыце, ці дадуць вам візу цяпер?

— Не, я ўпэўнены, што не дадуць. Да той паездкі ў 2014 годзе мне сем гадоў адмаўлялі ў візе. Насамрэч у практыцы нічога не зьмянілася. Так, дыпляматы могуць нармальна сустрэцца, але яны ня будуць абмяркоўваць правы чалавека ў Беларусі. Што да мяне, дык беларускія ўлады па-ранейшаму ня хочуць, каб прыехалі замежныя праваабаронцы, якія будуць гаварыць пра палітвязьняў і дэмакратыю.

— Ці лічыце вы магчымым узнаўленьне тых дачыненьняў паміж швэдзкай амбасадай і беларускай грамадзянскай супольнасьцю, якія былі ў часы Стэфана Эрыксана?

— Тое, што рабіў Стэфан, — якраз тое, што хацелася б бачыць. Я лічу, што адзіная патрэба мець амбасаду ў Беларусі — гэта той асяродак, які быў створаны амбасадарам Эрыксанам, які спрыяў дэмакратычнаму разьвіцьцю краіны. Трэба мець кантакты зь людзьмі, з актывістамі, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. А калі амбасада будзе толькі для фармальных сустрэчаў з уладай, то я ня бачу ў ёй сэнсу.

_____

У жніўні 2012 году, пасьля «дэсанту» швэдзкіх плюшавых мядзьведзяў у Беларусі, паміж Менскам і Стакгольмам выбухнуў дыпляматычны канфлікт. Нагодай стала рашэньне беларускіх уладаў не працягваць акрэдытацыю швэдзкага амбасадара Стэфана Эрыксана, якога Менск абвінаваціў у дэструктыўнай дзейнасьці. У адказ швэдзкія ўлады заявілі, што ня прымуць новага амбасадара Беларусі, і рэкамэндавалі двум супрацоўнікам беларускай амбасады пакінуць Стакгольм. 30 жніўня абедзьве амбасады спынілі сваю працу. Функцыі швэдзкай амбасады ў Менску выконвала дыппрадстаўніцтва Эстоніі, беларускай у Стакгольме — амбасада Латвіі.

Вясной 2013 году беларускі бок акрэдытаваў у Менску часовага паверанага ў справах Швэцыі ў Беларусі. Тым часам беларуская амбасада ў Стакгольме не працуе дагэтуль.