Эканаміст Барыс Жаліба лічыць гэтую сытуацыю наступствам аднабокай арыентацыі беларускай эканомікі на Расею:
«У нас звычайная рэч, што больш за палову экспарту ідзе ў Расею. Шматлікія аналітыкі папярэджвалі, што трэба адыходзіць ад аднабокай арыентацыі гандлёвых плыняў. Але ні ўрад, ні прэзыдэнт не прыслухоўваліся да гэтага. Думалі, што Расея заўсёды будзе купляць беларускія тавары. Сапраўды, быў час, калі Расея не была моцна патрабавальная да якасьці і кошту беларускіх тавараў. Але пасьля ўваходжаньня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю там зьявіліся канкурэнты для беларускай прадукцыі. Да таго ж расейская эканоміка пад санкцыямі, што таксама звужае расейскі рынак. Мы цяпер фіксуем значнае скарачэньне таваразвароту з Расеяй, бо не прыслухаліся да галасоў, якія заклікалі будаваць шматвэктарны экспарт. А мы толькі гонім нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні на Захад, у той час як прадукцыя машынабудаваньня стаіць на складах».
Эканамічныя наступствы, зьвязаныя з падзеньнем таваразвароту з Расеяй, не прымусяць беларускае кіраўніцтва перагледзець свае гандлёвыя патокі, лічыць Барыс Жаліба:
«Будзем сядзець і чакаць больш спрыяльнага моманту, калі Расея зноў пагодзіцца браць нашы трактары. Пераарыентацыя павінна суправаджацца зьменай усёй эканамічнай палітыкі. А для гэтага трэба адыходзіць ад аўтарытарнай эканомікі».
24 чэрвеня дзяржсакратар так званай саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота заявіў падчас знаходжаньня ў Горадні пра рэзкае зьніжэньне ўзаемнага таваразвароту Беларусі і Расеі. Як перадае БЕЛТА, Рыгор Рапота адзначыў, у прыватнасьці, што ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве дзьвюх краін назіраюцца адмоўныя тэндэнцыі. Калі за апошнія 10–12 гадоў узаемны таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй вырас з 7–7,5 млрд даляраў у 2000 годзе да 46 млрд даляраў у 2012 годзе, то ў 2013 годзе ён зьнізіўся на 9,4%, а ў 2014-м — яшчэ на 5,3%. Па выніках 1-га кварталу 2015 году ён упаў на 32%.
«Замест скарачэньня залежнасьці і забесьпячэньня абароны ад дамінуючага і канкуруючага імпарту трэціх краін на рынкі саюзнай дзяржавы скарачаюцца аб’ёмы ўзаемных паставак тавараў і паслуг. У першым квартале 2015 году гандлёвы абарот Беларусі і Расеі склаў крыху больш за 6 млрд даляраў, тым часам як за аналягічны пэрыяд папярэдняга году — 9 млрд даляраў. Пры гэтым імпарт у Беларусь з Расеі склаў 72,9%, а экспарт зь Беларусі ў Расею — 59,2% да адпаведнага пэрыяду мінулага году», — сказаў Рапота.