Freedom House: Беларусь — стабільна кепска

Дэмакратыя ў Эўропе і Эўразіі сутыкаецца з новымі, больш агрэсіўнымі атакамі з боку аўтарытарных дзяржаваў. Гэта канстатуецца ў дакладзе «Транзытныя нацыі-2015», апублікаваным сёньня міжнароднай досьледнай арганізацыяй Freedom House.

У ёй аналізуецца стан дэмакратыі і правоў чалавека ў 29 краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы і Эўразіі.

Freedom House вылучае 7 парамэтраў, сярод якіх — стан грамадзянскай супольнасьці, выбарчага працэсу, мэдыяў, узровень карупцыі і іншыя. Ацэнка робіцца па 7-бальнай шкале, 1 бал азначае найлепшае становішча, 7 — найгоршае.

Становішча ў Беларусі паводле дакладаў Freedom House застаецца стабільна кепскім 3 апошнія гады.

Дынаміка рэйтынгу Беларусі паводле Freedom House

2003200420052006200720082009201020112012201320142015
6.466.546.646.716.686.716.576.56.576.686.716.716.71

Для параўнаньня — індэкс дэмакратыі ў краінах рэгіёну складае ў 2015, паводле Freedom House, 2.07 у Латвіі, 2.21 у Польшчы, 2.36 у Літве, 4.75 ва Ўкраіне, 5.36 у Армэніі, 6.46 у Расеі, 6.61 у Казахстане.

Беларусь, разам з Расеяй, Таджыкістанам, Казахстанам, Азэрбайджанам, Туркмэністанам і Ўзбэкістанам трапіла ў групу кансалідаваных аўтарытарных рэжымаў. Паводле Freedom House, як і летась, горшая, чым у Беларусі, сытуацыя сярод іх толькі ў Туркмэністане і Ўзбэкістане.

У дасьледаваньні адзначаецца, што найбольшае зьніжэньне ўзроўню дэмакратыі і правоў чалавека адбылося ў Расеі.

«Крокі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна па далучэньні Крыму і падтрымка сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны выклікалі працэс задушэньня дэмакратыі ў самой Расеі», — адзначае дырэктар праекту «Транзытныя нацыі-2015» Сільван Габданк-Калачкоўска. Паводле яе, летась разбуральны уплыў Расеі вырас у геамэтрычнай прагрэсіі. «Наступствы ўціску Расеяй дэмакратыі і свабоды адчуваліся і дома, і за мяжой», — падкрэсьлівае яна.

З краінаў Эўразіі сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека за год палепшылася толькі ў Грузіі і ва Ўкраіне. На Балканах з прычыны абмежаваньняў свабоды слова і адсутнасьці рэформаў у судовай сыстэме становішча пагоршылася ў чатырох зь сямі краінаў.

Вугоршчына пасьля 7 гадоў зьніжэньня рэйтынгу перайшла з катэгорыі «кансалідаваных дэмакратый» у катэгорыю «паўкансалідаваных дэмакратый».

«Аўтарытарныя рэжымы Эўразіі нястомна папярэджваюць сваіх грамадзянаў, што рух да дэмакратыі, як бачна па Ўкраіне, вядзе да хаосу, гвалту і беднасьці, — кажа Сільван Габданк-Калачкоўска. — Для таго, каб даказаць, што яны ня маюць рацыю, неабходна, каб Эўразьвяз і яго саюзьнікі далі значна большую фінансавую і палітычную падтрымку для пасьпяховага разьвіцьця дэмакратыі ва Ўкраіне», — адзначыла яна.