Некалькі тысяч паломнікаў наведалі набажэнства. Улады чакалі болей, цэлае поле перад царквой было агароджанае мэталічным плотам, які выкарыстоўваецца падчас масавых акцыяў. Але значную частку берасьцейцаў увогуле не прапусьцілі да царквы, таму людзі стаялі ўздоўж вуліцы.
Сабор быў ачэплены міліцыянтамі, шматлікай аховай у цывільным. Прайсьці туды можна было пасьля дагляду, падчас якога наведнікі мусілі пакінуць нават нажніцы ды запальнічкі.
Непадалёк ад храма дзяжурылі 3 аўтазакі, рэанімабіль.
Падчас прамовы пасьля службы ў Берасьці патрыярх Кірыл заявіў:
«Сёньня я пераканаўся ў тым, што на заходнім памежжы Святой Русі існуе духоўная цьвярдыня — праваслаўная царква Берасьця».
Зьяжджаў патрыярх на «Мэрсэдэсе» ў суправаджэньні аховы ды ДАІ па перакрытай загадзя частцы Маскоўскай вуліцы Берасьця.