Пасьля выбараў 2010 году Міністры замежных спраў Нямеччыны, Польшчы, Швэцыі, Чэхіі апублікавалі супольны артыкул у «Нью-Ёрк Таймз» пад загалоўкам «Лукашэнка прайграў». Сярод аўтараў быў і Карл Більт. За гэты час усе аўтары перасталі быць міністрамі, а Лукашэнка застаецца кіраўніком Беларусі. Апошнія падзеі ва Ўкраіне і Расеі нават зьмякчылі ў нейкай ступені стаўленьне да яго.
Напрыканцы сакавіка Карл Більт наведаў Беларусь у складзе афіцыйнай дэлегацыі. Нягледзячы на чаканьні, той візыт прарыву не прынёс, але пакінуў надзею на працяг дыялёгу. У кулюарах Уроцлаўскага глябальнага форуму Карл Більт у інтэрвію Свабодзе распавёў пра сваё бачаньне Беларусі ў новых геапалітычных рэаліях.
— Некалькі месяцаў таму вы наведалі Менск і ў адным з інтэрвію вы сказалі, што з пазыцыяй Менску нічога не зразумела. Вось прайшло некалькі месяцаў, ці вы разабраліся з гэты час, што думаюць улады Беларусі?
— Не. Я там быў вельмі коратка. Рэжым, натуральна, не зьбіраецца лібэралізаваць сваю ўнутраную палітыку. У мяне няма ніякіх сумневаў і няма ніякіх сыгналаў для гэтага. Але зь іншага боку бачныя некаторыя перамены ў замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі. Відавочна, яны зьвязаныя з тым, што адбываецца ў Маскве. Пра гэтыя перамены гаворыцца збольшага ў кулюарах, паколькі залежнасьць ад Масквы застаецца вельмі высокая.
Перад Лукашэнкам стаіць рэальная пагроза, што Крэмль будзе кіраваць Менскам, і яму гэта ня вельмі падабаецца.
— Сярод эўрапейскіх палітыкаў часам гучыць думка, што Лукашэнку можна перавыхаваць, альбо кажуць, што ён, хоць і не дэмакрат, але бароніць незалежнасьць Беларусь. Вы, як пасьлядоўны крытык лукашэнкаўскага рэжыму, што б на гэта адказалі?
— На жаль, я ня бачу ніякіх знакаў, што ён можа стаць дэмакратам. Але я ня думаю таксама, што ён хоча бачыць Беларусь кіраванай з Крамля. Хутчэй за ўсё, гэта Лукашэнка марыў стаць калісьці на чале Крамля. Але думаю, цяпер ён зразумеў, што гэтага ніколі не адбудзецца. Перад ім стаіць рэальная пагроза, што Крэмль будзе кіраваць Менскам, і яму гэта ня вельмі падабаецца.
— Нядаўна амбасадар Расеі ў Беларусі Сурыкаў заявіў, што Расея на наступных выбарах падтрымае Лукашэнку. Пра што гэта можа сьведчыць? Гэта Пуцін дэманструе Захаду: маўляў, што б вы ні рабілі, Лукашэнка — пад нашым кантролем?
— Я нават ня ведаю. Я памятаю, напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў Расея падтрымлівала яго, але шукала іншыя альтэрнатывы таксама, хаця я не магу сказаць дакладна. Калі вы амбасадар у краіне, дзе кіруе Лукашэнка, вы маеце казаць так, як сказаў Сурыкаў.
Вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў — крытычнае патрабаваньне. І я не магу зразумець, чаму Лукашэнка дагэтуль гэтага не зрабіў
— Падчас візыту ў Менск вы адзначалі, што ў палітыцы Эўразьвязу нічога не зьмяніліся, што ўмовы да дыялёгу застаюцца тыя самыя. Першая ўмова — вызваленьне палітвязьняў. Калі рэжым заўтра вызваляе Мікалая Статкевіча — ці будзе гэта пачаткам лібэралізацыі, супрацы, аднаўленьня стасункаў? Ці само па сабе вызваленьне палітвязьняў недастатковае для аднаўленьня стасункаў?
— Гэта, натуральна, пытаньне да Эўразьвязу. Каб было ясна, вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў — крытычнае патрабаваньне. І я не магу зразумець, чаму ён дагэтуль гэтага не зрабіў. Ужо ёсьць некаторыя вынікі ад дыялёгу, які адбываўся раней. Гэта і зьмены ў палітыцы бясьпекі, зробленыя некаторыя крокі ў спрашчэньні візавага рэжыму (беларусы маюць самую вялікую колькасьць шэнгенскіх візаў у сьвеце на душу насельніцтва). І мы ўражаныя, як гэты працэс адбываецца. Калі мы зможам пайсьці далей — я буду толькі «за».
Беларусы маюць самую вялікую колькасьць шэнгенскіх візаў у сьвеце на душу насельніцтва
— Вы казалі пра дыялёг на роўні ўладаў, але што замінае Эўразьвязу будаваць кантакты з грамадзянскай супольнасьцю, нізавымі ініцыятывамі і арганізацыямі? Я маю на ўвазе ня толькі палітычныя партыі, але і НДА, мэдыі, нефармальныя ініцыятывы?
— Так, вядома. Я гэта добра разумею, таму калі я быў у Менску, сустракаўся не з уладамі, а зь іншымі арганізацыямі , каб разабрацца, што адбываецца і што рабіць далей. Важна разьвіваць праекты на ўзроўні людзкіх кантактаў, грамадзянскай супольнасьці.
— І якой будзе роля Швэцыі у гэтым? Я ведаю, што вы ужо не на пасадзе, але, як мяркуеце, ці зьменіцца палітыка Швэцыі ў дачыненьні да Беларусі?
— Я дакладна ня ведаю, што адбываецца там цяпер. Але відавочна, мы будзем заангажаваныя ва ўсе магчымыя працэсы, хаця, на жаль, у Беларусі застаецца вельмі шмат абмежаваньняў.