Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карл Більдт: Эўразьвяз «праспаў» пуцінскую Расею


Карл Більдт (архіўнае фота)
Карл Більдт (архіўнае фота)

У інтэрвію Радыё Свабода былы міністар замежных справаў Швэцыі Карл Більдт (2006-2014) называе памылкі, зробленыя Эўразьвязам у дачыненьні да Расеі, і абмяркоўвае палітыку Брусэлю ў рамках Усходняга партнэрства.

РС: Калі паглядзець на тое, што было зробленае Эўразьвязам ва ўсходняй палітыцы ад саміту Ўсходняга партнэрства ў Вільні ў лістападзе 2013 году да сёньняшняга дня, дык што, на вашу думку, можна было зрабіць па-іншаму?

Більдт: Я думаю, мы павінны былі рэагаваць мацней у адносінах да Расеі, калі яна пачала дрэнна паводзіць сябе летам 2013 году. Відавочна, што калі яны ўвялі санкцыі супраць Украіны, мы не змаглі ясна прадбачыць наступстваў гэтага кроку, і я памятаю, як Радаслаў Сікорскі і я спрабавалі папярэдзіць Брусэль, а Брусэль у той час больш-менш спаў. Ці гэта нешта зьмяніла б? Я ня ведаю. Але гэта была відавочная памылка.

РС: Вы і Сікорскі — ужо не міністры замежных справаў. У свой час вы лічыліся «каршунамі», што тычылася стасункаў з Расеяй Уладзіміра Пуціна, і адначасова моцнымі прыхільнікамі Усходняга партнэрства ЭЗ. Калі вы гледзіце на сёньняшнюю палітыку ЭЗ, вы ўсё яшчэ лічыце, што застаюцца ранейшая адданасьць Усходняму партнэрству і ранейшая «каршуновы» падыход да пуцінскай Расеі?

Більдт: Я думаю, што гэтая адданасьць, безумоўна, ёсьць. Усходняе партнэрства — адна з дзьвюх добрых рэчаў, якія мы зрабілі ў 2008 годзе. Другой рэччу быў Міжземнаморскі саюз. У той час як французы былі зацікаўленыя, каб аформіць Міжземнаморскі саюз як асобную структуру і ўсё такое, мы былі зацікаўленыя, каб Усходняе партнэрства было цалкам інтэграванае з інстытутамі Эўразьвязу. Гэта быў вельмі добры крок. У цяперашні час Усходняе партнэрства зьяўляецца трывалай часткай інстытутаў ЭЗ ў пляне календара і ўсяго іншага. Так што адданасьць, безумоўна, застаецца. У мяне няма ніякіх сумневаў на гэты конт.

Што тычыцца другога пытаньня, дык Радаслаў і я, так сказаць, ішлі наперадзе ўсёй гульні ў тым сэнсе, што мы — магчыма, запозна, але раней, чым іншыя — убачылі, што можа наступіць і куды кіруе Расея. Я думаю, што цяпер ужо больш-менш усе параўняліся з намі. Былі такія, хто казаў, што «Пуцін не зьбіраецца рабіць гэтага, Пуцін не зьбіраецца рабіць таго», але ад таго часу Пуцін зрабіў практычна ўсё. Таму, на жаль, я сказаў бы, што мы мелі рацыю.

РС: На вашу думку, які будзе наступны крок Пуціна?

Більдт: Я думаю, што ў дадзены момант ён рупіцца пра вайсковае ўзмацненьне анкляваў — «народных рэспублік», якія, дарэчы, цяпер апынуліся практычна без народу. Я думаю, ён хацеў бы, каб яны былі ў стане весьці ваенныя дзеяньні больш самастойна, таму што ён адчувае, што палітычная цана, зьвязаная з удзелам рэгулярнай расейскай арміі, аказалася занадта высокай. Ён чакае, каб выкарыстаць слабыя месцы Ўкраіны або Захаду. Ён лічыць, што час на ягоным баку і што Захад урэшце знудзіцца ўсім гэтым.

Мая здагадка — я кажу гэта з агаворкай, што ўсе ў мінулым ня мелі рацыі, і я ў тым ліку — такая, што ў цяперашні час, на працягу некалькіх месяцаў, будуць зацішша і кансалідацыя, а потым зьявяцца абвінавачваньні Ўкраіны ў парушэньні менскага пагадненьня, будзе спроба выйсьці з-пад санкцый са спадзевам, што ўзьнікне падзел унутры Украіны і што ўзьнікне падзел на Заходзе, і яны будуць гатовыя выкарыстаць гэтыя слабыя бакі.

РС: Дык што павінен зрабіць Эўразьвяз цяпер?

Більдт: Я думаю, што самае галоўнае — зрабіць тое, што было зроблена Радай Эўропы 19-20 сакавіка — гэта значыць, па сутнасьці, сказаць, што санкцыі супраць Расеі працягваюцца на ўвесь гэты год. Юрыдычна так не было сказана, але такое палітычнае рашэньне было прынята. Я думаю, што гэта вельмі добры сыгнал. Далей я думаю, што мы павінны зрабіць акцэнт на ўсебаковым умацаваньні Ўкраіны. Я думаю, што праграма МВФ вельмі важная. Я думаю, гэта важна, калі і іншыя краіны паабяцаюць дапамогу, акрамя МВФ — Швэцыя паабяцала, ЗША абяцаюць, але і іншыя эўрапейскія краіны павінны гэта зрабіць. А потым па-сапраўднаму дапамагчы ўкраінцам з усімі неабходнымі рэформамі, таму што Ўкраіну чакае цяжкі час, і яны маюць патрэбу ў нашай салідарнасьці, сымпатыі і падтрымцы. Гэта, я лічу, прыярытэтныя рэчы.

РС: Найбліжэйшы саміт Усходняга партнэрства ЭЗ адбудзецца ў Рызе ў траўні. З праекту дэклярацыі вынікае, што гэта мае быць вельмі амбітны саміт. Ці Эўразьвяз не павінен быць больш амбітным, па меншай меры, у адносінах да трох краінаў — Грузіі, Малдова і Ўкраіны — якія спакваля набліжаюцца да ЭЗ?

Більдт: Я думаю, найважнейшым сыгналам з саміту ў Рызе павінна быць сьцьвярджэньне, што мы ідзем ранейшым курсам. Павінна быць глыбейшае ўзаемадзеяньне з гэтымі трыма краінамі, магчыма, у выглядзе дапамогі ў рэалізацыі пагадненьняў аб асацыяцыі. Гэтыя дакумэнты зьяўляюцца вельмі амбітнымі пагадненьнямі, якія патрабуюць шмат намаганьняў зь іх боку. Я думаю, што ім, верагодна, трэба большая дапамога, чым мы да гэтага часу насамрэч думалі.

Яшчэ адно важнае пытаньне — як нам паводзіць сябе зь іншымі — што нам рабіць з Армэніяй? Як мы ставімся да Азэрбайджану і Беларусі з пункту гледжаньня іх невялікай прыхільнасьці да правоў чалавека, калі выказаць гэта мякка? Гэтыя пытаньні неабходна вырашаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG