Афіцыйныя асобы Амэрыкі і Эўропы скептычна ацэньваюць рэальныя магчымасьці Масквы, адзначаючы неадпаведнасьць міжнародным нормам дыпляматыі падобных паводзінаў лідэра дзяржавы, які спрабуе выкарыстоўваць нарошчваньне ядзерных узбраеньняў у якасьці інструмэнту шантажу ў дачыненьні да Захаду.
Белы дом быў ляканічны: так, заяву чулі, камэнтароў няма. Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг асудзіў «бразганьне ядзернай зброяй» як небясьпечнае, якое дэстабілізуе становішча. А дзяржсакратар ЗША Джон Кэры дапусьціў, што Пуцін, магчыма, «пазіруе». Ва ўнісон з шэфам выказалася і Вікторыя Нуланд, на думку якой, «калі прыгледзецца да таго, што ў рэчаіснасьці адбываецца ў Расеі, то справа ідзе нашмат менш драматычна».
Сваімі ацэнкамі таго, што могуць азначаць на практыцы заявы Ўладзімера Пуціна, з карэспандэнтамі «Голасу Амэрыкі» падзяліліся амэрыканскія палітолягі і вайскоўцы.
Прафэсар Інстытуту дасьледаваньняў праблемаў міру ў Осла Павал Баеў адзначыў, што яму «не зусім зразумела, пра якія менавіта ракеты вядзецца гаворка».
«Гэтая лічба, вядома, вялікая. Аднак больш чым тры чвэрці з гэтых сарака ракет, а менавіта 32 ракеты, павінны быць прызначаныя для падводных лодак. Хутчэй за ўсё, ён меў на ўвазе „Булаву“, якой павінны абсталяваць ракетаносцы, ужо прынятыя ў склад флёту, аднак яшчэ не абсталяваныя зброяй. Гэта азначае, што ракету зьбіраюцца прыняць на ўзбраеньне яшчэ да таго, як яна прайшла ўсе выпрабаваньні. Вы самі ведаеце, што ў „Булавы“ не вельмі ўражлівы паслужны сьпіс; многія зь яе выпрабаваньняў апынуліся няўдалымі», — падкрэсьліў Баеў.
На думку аналітыка, калі гаворка сапраўды ідзе пра ракеты «Булава», то гэта можа стварыць пэўныя рызыкі, паколькі гэты від ракет можа мець «рознага роду тэхнічныя хібы».
Заява Пуціна, хутчэй за ўсё — адначасна і бравада, і рэальны плян, мяркуе Майкл Хікары Чэчырэ — экспэрт Дасьледчага інстытуту зьнешняй палітыкі ЗША, які спэцыялізуецца па чарнаморскім рэгіёне і Эўразіі (Michael Hikari Cecire, Foreign Policy Research Institute).
Чэчырэ нагадвае: Масква не ўпершыню «гуляе ядзернымі цягліцамі» для сьцьвярджэньня сваёй пазыцыі перад Захадам. І хутчэй за ўсё — не апошні. Разам з тым экспэрт папярэджвае аб небясьпецы ігнараваньня ядзернай рыторыкі Расеі з боку заходніх лідэраў.
«У адрозненьне ад Савецкага Саюзу, ваенная палітыка сучаснай Расеі рэзэрвуе за сабой права на папераджальны ядзерны ўдар у якасьці кампэнсацыі за перавагу звычайных узбраеньняў Захаду», — падкрэсьлівае Чэчырэ.
Паводле яго ацэнак, 40 міжкантынэнтальных балістычных ракет «ня зробяць надвор’я» пры вялікім ядзерным арсэнале Расеі, хоць могуць быць больш дакладнымі і сучаснымі, «калі ўсё-ткі будуць пабудаваныя». Гэтую магчымасьць экспэрт ставіць пад сумнеў, аднак ня раіць недаацэньваць сур’ёзнасьць заявы.
Уладзімер Пуцін не ўдакладніў, якія менавіта балістычныя ракеты Расея мае намер паставіць на ўзбраеньне. Чэчырэ мяркуе, што гаворка можа ісьці пра шэраг сыстэм: пра «RS-24 Ярс», ці пра «Сармата», што знаходзіцца на стадыі дапрацоўкі, ці пра нейкую новую супэрзброю, на стварэньне якой намякала Масква, а магчыма — аб танках «Армата». Экспэрт дапускае, што Пуцін, магчыма, меў на ўвазе і сыстэмы для падводных лодак «Булава»; гэты варыянт Чэчырэ ацэньвае як найбольш лягічны з прычыны «большай жывучасьці» плятформы ў параўнаньні з наземнымі сыстэмамі. Разам з тым інвэстыцыі ў наземныя сыстэмы «Ярс» і «Сармат» і тактычныя «Іскандэры» могуць мець для Крамля «больш сымбалічную каштоўнасць», чым тактычную, бо менавіта гэтыя плятформы могуць быць выкарыстаныя для «папераджальнага дээскаляцыйнага» ўдару.
Ці можа Расея дазволіць сабе выдаткі на падобныя сыстэмы? «Гэта — галоўнае пытаньне, улічваючы выдаткі Расеі на апэрацыю ва Ўкраіне, не кажучы ўжо пра дарагія патрулі стратэгічных бамбавікоў і частых ваенных вучэньнях на эўрапейскай пэрыфэрыі — канстатуе Чэчырэ. — Усё гэта — на тле пэрыяду значнага макраэканамічнага стрэсу з прычыны падзеньня коштаў на нафту і заходніх санкцый. Абодва фактары, пэўна, захаваюцца ў прадказальнай будучыні».
Чэчырэ адзначае, што, з гледжаньня Захаду, палітыка Расеі можа здавацца нерацыянальнай, нелягічнай і супярэчыць уласным інтарэсам. На яго думку, нэгатыўныя наступствы абвешчанага нарошчвання ядзерных узбраеньняў (калі заява будзе ўвасоблена ў жыццё) перадусім паўплываюць на ідэалягічную, чым на ўласна ваенную сфэру.
«Даданьне 40 ракет да амаль 2-тысячнага арсэналу, якім ужо валодае Расея, не паўплывае на ваенны балянс сіл. Аднак, нацэленыя на эўрапейскія сталіцы, яны могуць прычыніць значную палітычную шкоду. У Эўропе ўжо мае месца глыбокі раскол з нагоды жорсткасьці адказу на дзеяньні Расеі; ядзерны фактар ускладніць задачу захаваньня ўнутранага адзінства Эўразьвязу», — так характарызуе сытуацыю Чэчырэ.
Захаду варта паставіцца да пагрозы з належнай сур’ёзнасьцю, перакананы аналітык.
«Крытычна важна прадэманстраваць насельніцтву на Захадзе і ў Расеі, што працяг падобнага бразганьня зброяй па-сапраўднаму небясьпечнае», — падкрэсьлівае Чэчырэ.
Разам з тым экспэрт ня бачыць неабходнасьці ў «тактычным адказе». Паколькі, на ягоную думку, гаворка ідзе пра «размовы і гіпатэтычную пагрозу». Адзінства заходніх лідэраў у асуджэньні агрэсыўнай рыторыкі Расеі і рашучасьць не паддавацца на пагрозы — важны публічны пасыл. У асаблівасьці, падкрэсьлівае Чэчырэ, гэта тычыцца ЗША, якія — «падабаецца гэта каму-небудзь ці не» — застаюцца галоўным гарантам эўрапейскай бясьпекі, — піша «Голас Амэрыкі».