Джон Кэры выказаў у аўторак занепакоенасьць адносна плянаў Расеі дадаць да свайго ядзернага арсэналу 40 міжкантынэнтальных балістычных ракет.
«У нас ёсьць дамова СНВ, і мы спрабуем рухацца ў процілеглым кірунку», — заявіў Джон Кэры падчас прэс-брыфінгу, дадаўшы, што такі крок Масквы будзе крокам назад, які выклікае непакой.
«Пачынаючы зь дзевяностых гадоў, мы арганізавалі маштабнае супрацоўніцтва ў справе зьнішчэньня ядзернай зброі, якая знаходзілася на тэрыторыі былога Савецкага Саюза... Ніхто, я думаю, не жадае вяртаньня да статусу часоў «халоднай вайны», — сказаў дзяржсакратар.
Гэта была рэакцыя Джона Кэры на заяву прэзыдэнта Расеі Уладзімера Пуціна аб намеры павялічыць колькасьць расейскіх міжкантынэнтальных балістычных ракет з мэтай «пераадоленьня» самых дасканалых абарончых сістэмаў.
Кэры выказаў здагадку пра тое, што гэта можа быць тактычны прыём з боку расейскага прэзыдэнта, яго адказ на дзеяньні НАТО.
«Але ніхто ня можа чуць падобных заяваў з вуснаў лідэра магутнай краіны і не адчуваць турботы адносна іх наступстваў», — падкрэсьліў Джон Кэры.