Папа Францішак выдаў энцыкліку аб кліматычных зьменах — першы дакумэнт такога кшталту ў гісторыі каталіцкай царквы.
Праграмная заява пантыфіка выкладзеная на 184 старонках. У ім папа заклікае да «клопату аб нашым агульным доме» і запрашае ўсіх людзей да дыялёгу пра лёс плянэты.
«Зямля, наш дом, пачынае ўсё больш выглядаць як велізарная куча сьмецьця» — піша Францішак. Ён згадвае забруджваньне вады і паветра, прамысловыя выкіды, таксычныя адкіды, падвышэньне ўзроўню акіянаў і катаклізмы надвор’я.
«Да прадказаньняў Суднага дня больш нельга ставіцца з іроніяй і грэбаваньнем» — заключае папа.
Паводле Францішка, сьвет сутыкаецца ня з двума рознымі крызісамі — экалягічным і сацыяльным, але з адным вялікім крызісам, які мае і сацыяльны, і экалягічны характар. Папа заклікае да зьмены ладу жыцьця, мадэляў вытворчасьці і спажываньня.
«Аднаўленьне нашых адносінаў з прыродай немагчымае без аднаўленьня самога чалавецтва» — піша першагіерарх каталіцкай царквы.
У энцыкліцы папа крытыкуе сучасную мадэль разьвіцьця, заснаваную на інтэнсіўным выкарыстаньні выкапнёвага паліва, і заклікае адмовіцца ад дамінуючай канцэпцыі вольнага рынку, якая прадугледжвае, што «ўсе праблемы могуць быць вырашаныя шляхам павялічэньня даходаў кампаніяў і людзей».
Акрамя таго, Францішак перасьцярог ад празьмернага захапленьня тэхналягічным разьвіцьцём.
«Ніхто не прапануе вярнуцца ў Каменны век. Але мы павінны спыніцца і зірнуць на сьвет іншымі вачыма» — гаворыцца ў энцыкліцы. «Мы ня Бог. Зямля існавала да нас і была падараваная нам» — нагадвае папа.
«Але яшчэ не ўсё страчанае. Чалавек, здольны на горшае, таксама здольны ўзвысіцца над самім сабой, выбіраючы дабро і адпраўляючыся ў новы шлях» — адзначыў на заканчэньне папа Францішак.