Старыкевіч: «Пытаньне толькі ў тым — закрыюць каго менавіта і калі менавіта»

Аляксандар Старыкевіч

Блякаваньне сайта www.kyky.org камэнтуе намесьнік старшыні грамадзкай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Аляксандар Старыкевіч.

Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да інтэрнэт-сайта www.kyky.org, Паводле афіцыйнага паведамленьня, гэта зроблена «з прычыны разьмяшчэньня інфармацыі, распаўсюджваньне якой здольнае нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».

А менавіта — «прыніжальныя выказваньні ў дачыненьні да дзяржаўнага сьвята Рэспублікі Беларусь — Дня Перамогі».

Гэтую сытуацыю камэнтуе намесьнік старшыні грамадзкай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Аляксандар Старыкевіч:

kyky.org

Сайт kyky.org стварылі ў 2010 годзе некалькі маладых энтузіястаў — Дар’я Мацявіна, Дзьмітры Навумаў, Раман Рамановіч ды іншыя. У сакавіку 2015 сайт істотна абнавіўся, перазапусьціўся з новым дызайнам.

Цяпер у рэдакцыі 7 штатных супрацоўнікаў. Дырэктарка сайту — Дар’я Мацявіна, галоўны рэдактар — Аляксандра Раманава.

На самім сайце яны характарызуюць сваю аўдыторыю гэтак: «Нас чытаюць адукаваныя людзі з высокім узроўнем даходаў. Больш за 15% — бізнэсоўцы і топ-мэнэджэры. Чытаюць пра жыцьцё, ежу, бізнэс і сэкс, хочуць быць у курсе апошніх трэндаў Менску».

Паводле дырэктаркі сайту Дар’і Мацявінай, «наш чытач — гэта сучасны беларус, які хоча жыць у лепшай краіне, у эўрапейскай Беларусі, чалавек цікаўны, актыўны, які імкнецца штосьці зрабіць для сваёй краіны, для сваіх сяброў».

«Паводле беларускага заканадаўства і паводле ягонага трактаваньня ўладамі Беларусі тут усё ў парадку. Паводле ж міжнародных нормаў у нас даўно ёсьць праблемы з дэмакратыяй і свабодай СМІ. Хутчэй за ўсё, распачалі гэтую практыку з www.kyky.org — як не з буйнога і палітычна незаўважнага рэсурсу, каб пазьней перайсьці да асноўных, незалежных крыніцаў грамадзка-палітычнай інфармацыі ў байнэце».

«Як вам падаецца ці не зьвязана гэта з пачаткам такой буйной палітычнай кампаніі, як прэзыдэнцкія выбары?»

«Я б толькі не называў гэта пачаткам. Бо гэты працэс доўжыцца шмат і шмат гадоў. Кожная прэзыдэнцкая кампанія вяла да павелічэньня ціску на незалежныя мэдыі, і, пачынаючы ад 2001 году, мы страцілі іх безьліч».

«Гэта значыць, што на чарзе магчымыя новыя страты?»

«Яны ня толькі магчымыя: я ня бачу, што павінна зьмяніцца ў паводзінах уладаў, іх адпрацаванай тактыцы, якая прыносіць вынікі. Навошта ад гэтага адмаўляцца? Пытаньне толькі ў тым — каго менавіта і калі менавіта».

«Ці ёсьць магчымасьць абароны ад гэтага наступу? Ці здольныя незалежныя СМІ абараніць сябе? Або ўлады могуць рабіць усё што заўгодна?»

«З аднаго боку, улады могуць рабіць усё што заўгодна. Вядома, гэта абцяжарыць існаваньне кожнага мэдыя, бо сам-насам змагацца з магчымасьцямі дзяржаўнага апарату вельмі складана. У той жа час крыніцаў распаўсюду інфармацыі ўсё ж хапае. Таму я не арыентаваўся на паводзіны ўладаў, бо яны прадказальныя і ў межах іхняй лёгікі зразумелыя. Пытаньне толькі ў тым, наколькі незалежная інфармацыя будзе запатрабаваная грамадзтвам: калі будзе запатрабаваная, то людзі атрымаюць гэтую інфармацыю, а калі не — то будзе як будзе».