Афіцыйны Менск «павінен выканаць, як і раней, спаўна» міжнародныя абавязаньні падчас прэзыдэнцкай кампаніі.
Пра гэта на сустрэчы са старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай заявіў Аляксандар Лукашэнка.
«Мы нікому ня будзем забараняць назіраць за выбарамі, у тым ліку і з боку, як і ўнутраным назіральнікам. Адзінае, хачу папрасіць, каб мы не абяцалі таго, чаго ня можам зрабіць, і не экспэрымэнтавалі па-за законамі. У нас ёсьць законы, нармальныя законы — ня горшыя, чым у іншых, якія могуць забясьпечыць стабільнасьць і спакойнае правядзеньне ўсёй гэтай электаральнай кампаніі, і ў тым ліку пасьля прэзыдэнцкіх выбараў».
Лукашэнка сказаў: у канцы мінулага году было шмат здагадак пра тое, што прэзыдэнцкія выбары ў краіне правядуць датэрмінова.
«Пісаньняў у канцы мінулага году было шмат: Лукашэнка правядзе выбары ў лютым, сакавіку, пакуль тут не наступілі горшыя часы, скарыстаецца сытуацыяй ва Ўкраіне і гэтак далей, і да таго падобнае. Я тады сказаў, што мы сумленна правядзём гэтыя прэзыдэнцкія выбары і ў тэрмін. Мы гэтае слова трымаем».
На сустрэчы Лукашэнка адзначыў, што лішніх грошай на выбарчую кампанію няма, але ўсё павінна быць годна, як і раней:
«У нас ніколі не было перабораў. У нас ня траціліся сотні мільёнаў, мільярды даляраў на гэтыя кампаніі. Ніякіх хабараў, ніякіх пабораў. У гэтых адносінах мы можам узорам служыць для любой дзяржавы».
Лукашэнка паабяцаў бліжэйшым часам правесьці нараду з службовымі асобамі, якія будуць удзельнічаць у арганізацыі выбарчай кампаніі. Цэнтравыбаркам павінен выказаць свае прапановы па канкрэтнай даце правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў, рашэньне па гэтым пытаньні прыме парлямэнт.
«Усё будзе годна і паводле Канстытуцыі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лідзія Ярмошына сказала, што ЦВК прапануе правесьці выбары прэзыдэнта Беларусі 11 кастрычніка. Гэтая дата апраўданая, бо не давядзецца зьбіраць пазачарговую сэсію Палаты прадстаўнікоў, каб абвясьціць выбарчую кампанію. Кіраўнік ЦВК мае намер зьвярнуцца ў парлямэнт, каб гэта адбылося 30 чэрвеня і, такім чынам, быў пакладзены пачатак прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.