Азэрбайджан: Эўрапейскія гульні ў краіне палітвязьняў

Плякат #RealBaku2015, які заклікае вызваліць палітвязьняў у Азэрбайджане да Эўрапейскіх гульняў у Баку з 12 па 28 чэрвеня 2015 году

Праваабаронцы заклікалі ўрады краінаў Эўропы прыняць захады для вызваленьня палітычных зьняволеных у Азэрбайджане, дзе праз тыдзень пачынаюцца першыя ў гісторыі Эўрапейскія гульні.

За тыдзень да цырымоніі адкрыцьця ў Азэрбайджане першых Эўрапейскіх гульняў, Міжнародная Фэдэрацыя правоў чалавека (МФПЧ) заклікала лідэраў эўрапейскіх краінаў абумовіць свой удзел у цырымоніі адкрыцьця гульняў вызваленьнем палітычных зьняволеных і актывістаў, якія чакаюць судовага працэсу паводле сфабрыкаваных абвінавачваньняў.

«У кантэксьце сытуацыі, якая склалася, удзел прадстаўнікоў урадаў эўрапейскіх краінаў у цырымоніі адкрыцьця Эўрапейскіх гульняў стане абразай для пазбаўленых волі актывістаў у Азэрбайджане і для ўнівэрсальных каштоўнасьцяў, за якія яны змагаюцца, рызыкуючы сваёй свабодай і бясьпекай», — заявіў прэзыдэнт МФПЧ Карым Лахіджы.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека асуджае беспрэцэдэнтную расправу уладаў Азэрбайджану над грамадзянскай супольнасьцю сваёй краіны. Летась большасьць кіраўнікоў незалежных НДА ў краіне былі арыштаваныя. Іх адвакаты падпадаюць пад перасьлед, некаторыя таксама арыштаваныя з мэтай пазбаўленьня актывістаў заканадаўча замацаванага права на юрыдычную абарону, — паведамляе прэсавая служба МФПЧ.

«Новыя заканадаўчыя зьмены жорстка абмяжоўваюць правы грамадзян і робяць практычна немагчымымі рэгістрацыю і нармальнае функцыянаваньне незалежных арганізацыяў: замарожваюцца іх банкаўскія рахункі, фінансаваньне замежнымі арганізацыямі абвешчанае незаконным, за выключэньнем тых выпадкаў, калі яно дазволена дзяржаўнымі органамі краіны. Эўрапейскія гульні могуць спрыяць далейшаму пагаршэньню трывожнага становішча з правамі чалавека ў Азэрбайджане, улічваючы імкненьне ўладаў скарыстацца спартовым мерапрыемствам для паляпшэньня іміджу краіны і ў сувязі з гэтым — яшчэ большую нецярпімасьць да любых крытычных выказваньняў або іншадумства», — заявіла Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека.

Арганізацыя нагадвае, што ў красавіку 2015 году, за два месяцы да пачатку гульняў, два праваабаронцы — Расул Джафараў і Інцігам Аліеў — былі прысуджаныя адпаведна да 6,5 і 7,5 гадоў пазбаўленьня волі «за сваю барацьбу за такія асноўныя правы чалавека, як свабода выказваньня меркаваньняў, свабода асацыяцыяў і права на справядлівую і бесстароньнюю судовую вытворчасьць». «Цэлы шэраг іншых праваабаронцаў апынуліся за кратамі ў 2014 годзе, сярод іх — Лэйла Юнус і Арыф Юнус, вядомыя абаронцы правоў нацыянальных меншасьцяў, якія актыўна ўдзельнічалі ў міратворчых намаганьнях ў кантэксьце канфлікту паміж Азэрбайджанам і Армэніяй. Незалежныя журналісты Хадзіджа Ісмаілава, Раўф Міркадыраў і Сэймур Хазіеў таксама былі затрыманыя ўладамі ў мінулым годзе. Старшыня няўрадавай арганізацыі па назіраньні за выбарамі Анар Мамедлі і абаронца правоў талышскай меншасьці Хілал Мамедаў асуджаныя і ў цяперашні час адбываюць працяглыя тэрміны пазбаўленьня волі, а абаронца правоў журналістаў і свабоды прэсы Эмін Гусейнаў з жніўня 2014 вымушаны знаходзіцца ў амбасадзе Швайцарыі, бо яму пагражае пазбаўленьне волі паводле сфабрыкаваных абвінавачваньняў», — паведамляе МФПЧ.

Арганізацыя нагадвае, што ўлады Азэрбайджану працягваюць жорстка перасьледаваць палітычную апазыцыю:

«Апазыцыйным партыям адмаўляюць у рэгістрацыі, а іх сябраў прысуджаюць да турэмных тэрмінаў у адсутнасьці справядлівага судовага разбору. У 2014 годзе апазыцыйныя палітычныя дзеячы Ільгар Мамедаў і Тофік Ягублу былі асуджаныя адпаведна да сямі і пяці гадоў пазбаўленьня волі за крытычныя выступы на адрас ўраду. Нядаўна два сябры апазыцыйнай Партыі Нацыянальнага Фронту Азэрбайджана, Мурад Адылаў (асуджаны 14 мая 2015 году) і Эльвін Абдулаеў (асуджаны 1 чэрвеня 2015) былі асуджаныя да шасьці гадоў пазбаўленьня волі кожны, паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў».

«Заканадаўчыя перашкоды, накіраваныя на выкараненьне незалежнай грамадзянскай супольнасьці, судовы перасьлед актывістаў і іх адвакатаў і адвольныя затрыманьні іншадумцаў супярэчаць духу і літары Алімпійскай хартыі. Урад Азэрбайджана надае выключна важнае значэньне маючым адбыцца Эўрапейскім гульням, разглядаючы іх як магчымасьць палепшыць сваю рэпутацыю і імідж на міжнароднай арэне. Менавіта таму Гульні ўяўляюць для эўрапейскіх урадаў ідэальную магчымасьць зьмяніць да лепшага становішча з правамі чалавека ў Азэрбайджане. МФПЧ заклікае ўрады краінаў Эўропы заявіць, што іх прысутнасьць на цырымоніі адкрыцьця Гульняў залежыць ад таго, ці будуць выпушчаныя на свабоду усе самавольна асуджаныя і затрыманыя актывісты грамадзянскай супольнасьці», — заклікае арганізацыя.

МФПЧ зьяўляецца міжнароднай праваабарончай НДА, якая аб’ядноўвае 178 арганізацыяў у 120 краінах, у тым ліку беларускі Праваабарончы цэнтар «Вясна». Намесьнікам старшыні гэтай арганізацыі зьяўляецца беларускі праваабаронца былы палітвязень Алесь Бяляцкі.