Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія гульні як піяр Азербайджану


Два разы страціўшы шанец быць сталіцай летніх Алімпійскіх гульняў, Баку вырашыў праводзіць першыя ў гісторыі Эўрапейскія гульні. Падзея, што адстартуе 12 чэрвеня, стане для краіны нечым большым чым Эўрабачаньне.

Колькі гэтае задавальненьне Азербайджану будзе каштаваць? Ці праўда, што падчас гульняў будуць забароненыя хаўтуры? Ці дапамогуць гульні палітзьняволеным? Пра гэта распавёў беларускай Свабодзе дырэктар Азербайджанскай службы Ількін Мамадаў.

Як узьнікла ідэя Эўрапейскіх гульняў, чаму месцам іх правядзеньня стаў Азербайджан?

— Азербайджан даўно спрабаваў выйграць права правядзеньня сапраўднай Алімпіяды. Не атрымалася. А хацелася паказаць, што мы ўмеем усё ж праводзіць спартовыя гульні, чэмпіянат сьвету па футболе ці чэмпіянат Эўропы, маўляў, мы можам такое арганізаваць. У Баку праходзіла Эўрабачаньне, і чыноўнікі навучыліся зарабляць грошы на правядзеньні вялікіх events, грошы бюджэтныя. У гэтых выпадках дазваляецца мяняць забудову, перасяляць людзей і зарабляць пры гэтым. Цяпер у нас такое адчуваньне, што ідзе мыльная опэра: людзі жывуць не зусім добра, але рознымі бурбалкамі трэба паказаць усё прыгожа. Цяпер з 1 чэрвеня ўведзены спэцыяльны рэжым — машыны з рэгіянальнымі нумарамі не пускаюць у Баку. Або забароны рознага кшталту, літаральна і памерці нельга.

Міністар спорту Азербайджану якраз абвяргаў чуткі пра тое, што, маўляў,забараняюцца хаўтуры, што зьнішчаюць бадзяжных сабак...

— Гэта ня чуткі. Сапраўды, на дзяржаўным узроўні ніхто не сказаў, што нельга памерці. Але гарадзкая паліцыя папярэджвае, што падчас гульняў нельга будзе ўзводзіць палаткі, праводзіць масавыя цырымоніі, каб не ўзьнікалі коркі. Ведаю пра канкрэтны выпадак, калі людзі з гэтай нагоды былі вымушаныя вясельле перанесьці з Баку ў іншы горад.

Летась у расейскім Сочы прайшла зімовая Алімпіяда. Наколькі падрыхтоўка гульняў у Азербайджане падобная на сочынскую эпапэю?

— Амаль тое самае. Тыя праблемы, што былі ў Сочы, чакаюць і нас, можа ў іншым маштабе. Але ў Расеі больш свабоды слова, там былі журналісты, якія маглі пра гэта гаварыць. А ў нас падрыхтаваліся да гэтага папярэдне. Пасьля Эўрабачаньня 2012 году ў Баку зразумелі, што адзіны спосаб неяк паказаць сябе толькі зь лепшага боку — гэта пасадзіць тых, хто можа гэта паказаць з дрэннага боку. Пачынаючы зь лета мінулага году падрыхтоўка ў гэтым пляне былы куды лепшая, чым падрыхтоўка інфраструктуры і будоўляў. Арыштавалі журналістаў, праваабаронцаў. На шляху з аэрапорту да цэнтру Баку пабудавалі сьцены, каб не было відаць, як за гэтымі сьценамі людзі жывуць. Колькі патрачана на гэта грошай, цяжка высьветліць, бо ўсё падзеленае на розныя радкі бюджэтных выдаткаў. Ёсьць падлік, што магло быць выдаткавана 8 мільярдаў даляраў, але колькі з гэтага раскрадзена?

Ці могуць гульні дапамагчы палепшыць сытуацыю з правамі чалавека?

— Усе спадзяваліся, што Аліеў зробіць жэст і выпусьціць палітзьняволеных, каб паказаць сваю добрую волю. Але гэтага не адбылося. Наадварот, ёсьць перасьцярогі, што як і пасьля Эўрабачаньня пачнуць яшчэ больш закручваць гайкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG