Пра гэта арганізатары паведамілі напярэдадні падзеі.
Ініцыятарам стварэньня ўнікальнай пасекі стаў пробашч касьцёла Сьвятых Сымона і Алены (Чырвонага касьцёла) Ўладзіслаў Завальнюк, ён жа старшыня Таварыства пчалярскіх арганізацыяў «БелАпіЮніён». Урачыстасьць меўся ўзначаліць арцыбіскуп Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
Плянавалася, што на даху Чырвонага касьцёла будзе адкрытая міні-пасека: будуць усталяваныя тры вульлі з пчоламі адмысловай пароды, завезенай з Карпатаў, якія ня джаляць людзей. Галоўнай мэтай гэтага праекту зьяўляецца не здабываньне мёду, а папулярызацыя пчалярства, здаровага ладу жыцьця, асьветніцтва і ўзмацненьне прыцягальнасьці Чырвонага касьцёла як пазнавальнага экскурсійнага і турыстычнага аб’екта для вернікаў і сьвецкіх людзей.
Плянавалася таксама, што гэта будзе першая экспэрымэнтальная пасека, якая дасьць магчымасьць ацаніць якасьць гарадзкога мёду. Пра гэта Свабодзе паведаміла Вольга Гаўрылік — адна з сузаснавальніцаў пчалярскай арганізацыі, якую ўзначальвае ксёндз Уладыслаў Завальнюк.
«На даху касьцёла ёсьць пляцоўка, якую дасьледуюць вэтэрынары, выдаюць дакумэнты на ўсталяваньне вульляў у адпаведнасьці з заканадаўствам, аглядаюць таксама пчол. Для іх тут паблізу растуць шыкоўныя ліпы, кветкі, сад, каб зьбіраць нэктар. Тое, што пасека не адкрылася, — гэта выключна тэхнічны момант. Нічога крытычнага, але не хацела б камэнтаваць — проста трэба дапрацаваць крышку. Трэба крыху часу».
Вольга Гаўрылік не паведаміла, зь якіх менавіта «тэхнічных» прычынаў адкрыцьцё пасекі было адкладзенае. Як надоўга адтэрмінаване адкрыцьцё, таксама застаецца невядомым.