Як у Горадні «згубілі» базыльянскі кляштар

Былы базыльянскі кляштар у Горадні

У Горадні на помніках архітэктуры зьявіліся гэтак званыя QR-коды. Пры жаданьні код дапаможа з мабільнай прылады праз інтэрнэт атрымаць пра гістарычны аб’ект дадатковыя зьвесткі. Мэта — палепшыць турыстычнае абслугоўваньне. Фінансуецца справа Эўразьвязам, мясцовыя ўдзельнікі — гарвыканкам і абласная філія Рэспубліканскага турысцка-спартыўнага саюзу.

Жыхарам гораду вядома, што на вуліцы Давыда Гарадзенскага знаходзіцца былы базыльянскі кляштар ХVІІІ стагодзьдзя. Досыць зазірнуць у «Збор помнікаў» ці ў любую энцыкляпэдыю, і вы яго знойдзеце. І вось нарэшце кожны прыежджы змог бы даведацца аб гэтым толькі зірнуўшы на той QR-код. Але ж не. На шыльдзе з кодам надпіс – «стаўрапігійны манастыр». І ў інтэрнэце вы атрымліваеце адказ «па запыту нічога ня знойдзена». Вы паспрабуеце пашукаць тое ж самае на расейскай мове і знойдзеце інфармацыю аб тым, што «ставропигиальный» манастыр быў створаны ў 1843 годзе замест уніяцкага, скасаванага царом.

QR-код на сьцяне базыльянскага кляштара

Выходзіць, у турысцка-спартыўным саюзе зблыталі турыстычныя зьвесткі пра помнік архітэктуры з царкоўнымі. Канечне, калі прыедуць сэмінарысты або дэлегацыя бацюшак, для іх такая шыльда будзе дарэчы. Але для турыстаў трэба пісаць сапраўдныя зьвесткі, паводле Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў РБ: «ансамбль былога манастыра базыльянак». Выходзіць, што ў гарвыканкаме ў гэты дакумэнт не зазірнулі. А ў ім дакладная інфармацыя аб пабудаваным з цэглы ў 1720-51 гадах (замест драўлянага) манастырскім ансамблі. Сёньня гэта — адзін з самых важных помнікаў у Горадні часоў пераходу аб барока да клясыцызму.

Турыстам якраз патрэбная турыстычная інфармацыя, а для іх напісалі — якая ўстанова знаходзіцца ў былых базыльянскіх мурах. Вось жа раней там быў Рэспубліканскі музэй гісторыі рэлігіі, але ахоўная шыльда паведамляла менавіта — якім помнікам зьяўляецца пабудова. Між іншым, ніякай ахоўнай шыльды сёньня няма, а гэта парушэньне, зазначае Антон Астаповіч, які ўзначальвае Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і архітэктуры.

Ровар выдумляць тут няма патрэбы. І на іншых шыльдах з QR-кодам усё як мае быць: пазначана, у якасьці чаго быў збудаваны помнік. Напрыклад, замкі. Няважна — што там цяпер знаходзіцца. Альбо крыху іншы прыклад: кінатэатар «Эдэм» (самы стары ў Беларусі), сёньняшняя назва «Чырвоная зорка», як пазначана на шыльдзе.

Шыльда на былым кінатэатры «Эдэм»