Магілёў лічыцца ці не найбольш зрусыфікаваным абласным цэнтрам Беларусі. У горадзе існуе толькі адна кляса зь беларускай мовай навучаньня, у якой адна вучаніца. Аздабленьне вуліц пераважна расейскамоўнае. Ці ўважае гарадзкая ўлада такую сытуацыю праблемнай і што робіць дзеля яе выпраўленьня? Пра гэта — гутарка з намесьнікам старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Андрэем Кунцэвічам.
У гарвыканкаме ён курыруе пытаньні культуры і адукацыі. Гаварыў Андрэй Кунцэвіч на беларускай мове.
Карэспандэнт: «Што робіць выканаўчая ўлада дзеля пашырэньня беларускай мовы ў Магілёве? Ці ёсьць ацэнка цяперашняга стану нацыянальнай мовы беларусаў у горадзе?»
Кунцэвіч: «Калі даваць ацэнку стану выкарыстаньня беларускай мовы ў нашым грамадзтве, у горадзе Магілёве, то варта адзначыць, што ў нас дзьве дзяржаўныя мовы. Можа, гэта такі зьбіты выраз, але, тым ня менш, Канстытуцыя ў нас прадугледжвае наяўнасьць дзьвюх дзяржаўных моваў, і права кожнага грамадзяніна Беларусі — выбіраць тую ці іншую дзяржаўную мову.
Калі ж даваць агульную ацэнку, то, з майго пункту гледжаньня, у пытаньні разьвіцьця беларускай мовы трэба адыходзіць ад палітызацыі гэтай праблемы. Беларуская мова не павінна быць прыкметай нейкай асобнай палітычнай сілы альбо структуры, хоць на сёньняшні дзень падобная сытуацыя мае месца.
Беларуская мова — гэта нацыянальнае багацьце. Гэта тое, чым павінен валодаць і ганарыцца кожны, хто жыве ў Беларусі.
Беларуская мова — гэта нацыянальнае багацьце. Гэта тое, чым павінен валодаць і ганарыцца кожны, хто жыве ў Беларусі. Як прыклад прывяду такі красамоўны выраз беларускага клясыка Францішка Багушэвіча: „Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі“.
Таму пытаньні разьвіцьця беларускай мовы, пашырэньня выкарыстаньня беларускай мовы — вельмі важная тэма».
Карэспандэнт: «Вы сказалі, што ў нас дзьве дзяржаўныя мовы. Пры гэтым ці захоўваецца роўнасьць беларускай і расейскай мовы? Дастаткова прайсьці па горадзе і пабачыць шыльды — яны спрэс расейскамоўныя. Складаецца ўражаньне, што мы жывём у расейскім Магілёве. а не ў беларускім. Я дапускаю, што ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці ў магілёўцаў невысокі, але што робіць выканаўчая ўлада, каб гэты ўзровень падрос?»
Кунцэвіч: «Я не пагаджуся наконт нацыянальнай сьвядомасьці магілёўцаў. Як мне падаецца, жыхары нашага гораду — патрыёты нашай краіны. І тое, што шыльда на нейкай установе ці на вытворчым аб’екце выкананая ў расейскамоўным варыянце — гэта ня значыць, што чалавек ня лічыць сябе грамадзянінам сваёй краіны.
Наконт шыльдаў можна пагадзіцца — пераважная іх большасьць у горадзе Магілёве на расейскай мове. Хаця, калі ўзяць рэканструкцыю выставачнай залі па вуліцы Болдзіна, то стары варыянт быў расейскамоўны. Пасьля рэканструкцыі зроблена шыльда беларускамоўная. Цяпер там красуюцца беларускія літары: „Выставачная зала“. І такія прыклады можна і далей прыводзіць.
На пасяджэньнях нашай гарадзкой тапанімічнай камісіі мы абмяркоўваем пытаньні наконт пашырэньня выкарыстаньня беларускамоўных шыльдаў, назваў вуліц, нейкіх іншых аб’ектаў. Адпаведныя даручэньні, у тым ліку і камунальным службам, на гэты конт даюцца. Магчыма, шыльды ў нас мяняюцца ня так часта, як хацелася б. Але, тым ня менш, мы гэтае пытаньне трымаем на кантролі».
Карэспандэнт: «Калі гаворка ідзе пра парытэт моваў, то калі напісана па-расейску, то мусяць дубляваць і па-беларуску?»
Я ня ведаю, чаму абавязкова павінна быць дзьве назвы — адна на расейскай мове, другая на беларускай мове.
Кунцэвіч: «Я ня ведаю, чаму абавязкова павінна быць дзьве назвы — адна на расейскай мове, другая на беларускай мове».
Карэспандэнт: «Гэта прадугледжвае Канстытуцыя?»
Кунцэвіч: «Ёсьць жа дзьве мовы. І беларуская мова, і расейская — гэта дзяржаўныя мовы. У кожнага ёсьць права выкарыстоўваць тую мову, якая яму зручная».
Карэспандэнт: «Ці можна казаць пра магчымасьць адраджэньня ў горадзе беларускамоўнага школьніцтва?. Ад чаго гэта залежыць?»
Кунцэвіч: «Пад словам „адраджэньне“ вы маеце на ўвазе, відаць, павелічэньне колькасьці навучэнцаў беларускамоўных клясаў?
На сёньня ўсё ж такі магчымасьць беларускамоўнага навучаньня ў горадзе Магілёве ёсьць. Ёсьць у нас беларускамоўная кляса. Вядома ж, шкада, што там навучаецца толькі адна вучаніца, але тым ня менш канстытуцыйнае права бацькоў і дзіцяці выканана і створаныя адпаведныя ўмовы для таго, каб была магчымасьць навучацца менавіта па-беларуску.
Чаму няма іншых бацькоў, дзяцей, якія б выказалі жаданьне навучацца па-беларуску, дык гэта пытаньне да гэтых бацькоў, а не да мяне як намесьніка старшыні гарвыканкаму.
Напэўна, з вашага пункту гледжаньня ёсьць прэтэнзіі да ўстановаў адукацыі, хоць, наколькі я ведаю, інфармацыя пра магчымасьць беларускамоўнага навучаньня даводзіцца, у тым ліку на бацькоўскіх сходах.
Таму праблема тут — у жаданьні саміх бацькоў».
Карэспандэнт: «Вы лічыце нармальнай сытуацыю, калі ў горадзе, жыхары якога, як вы сказалі, патрыёты Беларусі, — адна беларускамоўная кляса, у якім вучыцца адна вучаніца?».
Я б ня ставіў знак роўнасьці між паняцьцямі „патрыёт“ і „беларуская мова“.
Кунцэвіч: «Я б ня ставіў знак роўнасьці між паняцьцямі „патрыёт“ і „беларуская мова“. Так, беларусы мусяць ведаць беларускую мову і ёй карыстацца. Але калі ў чалавека няма жаданьня гэтак рабіць, то ён ад гэтага не становіцца непатрыётам.
Я прывяду прыклад. Вы ж, напэўна, зьвярталі ўвагу на вонкавую рэкляму. У Магілёве шмат білбордаў, якія накіраваныя на прапаганду беларускай мовы. Напрыклад, такі праект „Смак роднай мовы“, дый іншыя. Гэта вельмі добрая справа, я лічу. Цікавыя праекты. Але ж сюжэт аднаго зь білбордаў мне не падабаецца. Такі вось: „Любіш маму — любіш мову?“. Атрымліваецца, калі чалавек зь нейкіх прычынаў ня ведае беларускай мовы, то ён ня любіць сваю маці? З майго пункту гледжаньня — гэта абразьліва для таго чалавека, які размаўляе на расейскай мове».
Карэспандэнт: «Выходзіць, што тыя бацькі, якія ня хочуць аддаваць сваіх дзяцей у клясы зь беларускай мовай навучаньня, — яны альбо ня вераць, што па-беларуску можна нармальна навучыцца, альбо папросту не давяраюць тым кадрам, якія будуць выкладаць прадметы па-беларуску?»
Кунцэвіч: «Гэтае пытаньне варта адрасаваць самім бацькам — чаму яны ўсё ж такі ня лічаць неабходным навучаць сваё дзіця па-беларуску?».
Карэспандэнт: «На большасьці гарадзкіх мерапрыемстваў, паводле маіх назіраньняў, пераважае расейская мова, а беларускай аддаецца мала ўвагі. Чаму так?»
Найбольш буйныя мерапрыемствы, якія праводзяцца пад эгідай Магілёўскага гарадзкога выканаўчага камітэту, у пераважанай большасьці на беларускай мове.
Кунцэвіч: «Я з вашым пасылам не магу пагадзіцца, паколькі найбольш буйныя мерапрыемствы, якія праводзяцца пад эгідай Магілёўскага гарадзкога выканаўчага камітэту, у пераважанай большасьці на беларускай мове. Я маю на ўвазе, напрыклад, падвядзеньне вынікаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця гораду, а таксама мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня незалежнасьці і гадавіны чарнобыльскай трагедыі. Іх сцэнарыі — выключна на беларускай мове. Вы, магчыма, не прысутнічалі на гэтых мерапрыемствах, таму ў вас склалася такое ўражаньне».
Карэспандэнт: «Я якраз стараюся прысутнічаць на ўсіх мерапрыемствах. У тым ліку і на фэстывалі „Магутны Божа“, і на „Анімаёўцы“. Калі беларуская мова там і прысутнічае, то ў вядзеньні тых ці іншых мерапрыемстваў. Але што тычыцца аздабленьня, рэклямнай прадукцыі, то ўсё гэта расейскамоўнае».
Кунцэвіч: «Гэтая сытуацыя, на маю думку, тлумачыцца міжнародным статусам згаданых вамі фэстываляў. Арганізатары гэтых фэстаў, добра ведаючы, што пераважная большасьць удзельнікаў — з расейскамоўных краінаў, альбо якія разумеюць расейскую мову, пад іх і падладжваюцца, а не таму, што яны не жадаюць гэта зрабіць па-беларуску».
Гутарыў Алесь Асіпцоў.