Пра гэта паведамляе сайт міністэрства культуры Маскоўскай вобласьці.
Акцыя пачалася 30 траўня на Паклоннай гары ў Маскве.
У Нямеччыну накіроўваюцца 18 данскіх казакоў ва ўзросьце ад 15 да 67 гадоў. «Удзел у праекце прымуць таксама выхаванцы Маскоўскага казацкага кадэцкага корпуса імя Шолахава», — гаворыцца ў паведамленьні.
Удзельнікі маршу маюць праехаць па тэрыторыі чатырох дзяржаваў — Расеі, Беларусі, Польшчы і Нямеччыны. Маршрут заплянаваны па шляхах, якімі ішлі кавалерысты Чырвонай Арміі ў 1941-1945 гадах.
«У Беларусі, Польшчы і Нямеччыне да казакоў далучацца мясцовыя коньнікі, якія заявілі пра жаданьне прайсьці разам зь імі частка шляху па тэрыторыі сваіх краінаў. У Бэрлін міжнародная конная каманда павінна прыбыць 12 жніўня» — паведамляе прэсавая служба міністэрства культуры Маскоўскай вобласьці.
Падчас паходу маюць адбыцца «тэматычныя канфэрэнцыі, круглыя сталы, на якіх плянуюцца выступы палітычных і грамадзкіх дзеячаў. У пунктах прыпынкаў будуць арганізаваныя мітынгі памяці, канцэрты, паказальныя выступленьні казакоў па джыгітоўцы і валоданьню халоднай зброяй».
У красавіку-траўні падобны рэйд спрабавалі правесьці расейскія байкеры з клюбу «Начныя ваўкі». Яны без праблем праехалі празь Беларусь, на ўскладаньні «ваўкамі» кветак да «Кургану Славы», прысутнічалі намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта РБ Ігар Бузоўскі і прадстаўнікі кіраўніцтва Менску. Польшча, Чэхія, Літва, Фінляндыя і Нямеччына адмовіліся ўпускаць байкераў на сваю тэрыторыю за падтрымку імі анэксіі Крыму і палітыкі Пуціна ва Ўкраіне.
У выніку, байкеры былі вымушаны ў адзіночку прабірацца ў Эўропу, дзе ў суправаджэньні консулаў і паслоў ўскладалі кветкі да помнікаў.
За «страчаную касмэтычку», якую для «начных ваўкоў» да амбасады Расеі ў Менску прынесла актывістка Вольга Нікалайчык, яна атрымала 13 сутак адміністрацыйнага арышту.