«Мы занепакоеныя з прычыны пагаршэньня ўмоў утрыманьня палітычных зьняволеных Юрыя Рубцова, Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка і Ігара Аліневіча», — гаворыцца ў заяве, якую распаўсюдзіла Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека.
28 траўня 2015 году суд Пружанскага раёну асудзіў палітвязьня Юрыя Рубцова на два гады пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі паводле абвінавачаньня ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня. Юры Рубцоў быў першапачаткова прыцягнуты да адказнасьці за майку з надпісам «Лукашэнка, сыходзь».
«Апошнія месяцы былі асабліва адзначаныя працягам тэндэнцыі да пагаршэньня сытуацыі з палітвязьнямі ў Беларусі. Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека і Праваабарончы цэнтар „Вясна“ асуджаюць узмацненьне ціску на палітычных зьняволеных напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, прызначаных на лістапад 2015 году», — заявіў Алесь Бяляцкі, старшыня ПЦ «Вясна» і віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі.