Як выглядае хата маленства айца Аляксандра Надсана

Хата ў Гарадзеі, у якой у 20-я – 30-я гады жыў Аляксандар Надсан

Валер Дранчук

Хата каля чыгункі ў Гародзеі, дзе ў малыя гады жыў айцец Аляксандар Надсан (канец 20-х — пачатак 30-х гадоў), ацалела і засталася стаяць. Апошнія гаспадары, што займалі пакоі колішняй школкі, перасяліліся ў лепшае жытло, а хата, год ці два, дагэтуль пустуе. Кажуць, нядаўна знайшліся пакупнікі з Ваўкавыску, якія набылі хату дзеля будучага музэю.

Станцыя Гарадзея (раней яе называлі «Гародзей» або «Гародзій») вядомая тым, што празь яе зручна дабірацца зь Менску ў Нясьвіж: дзьве гадзіны электрычкай у бок Баранавічаў, а тут чакае маршрутны аўтобус — яшчэ паўгадзіны дарогі.

Цяпер, верагодна, папулярнасьці стане куды больш. Вядомая ў раёне краязнаўца, выкладніца роднай мовы Натальля Плакса мяркуе, што гародзейская «кватэра» айца Надсана праз тры-пяць гадоў можа напоўніцца іншым, музэйна-экскурсійным і навукова-дасьледчым жыцьцём, зьвязаным зь імем вялікага беларуса і сьвятара, а мястэчка здабудзе славу, роўную Нясьвіжу. «Біяграфічнае жыцьцё Аляксандра Надсана, — кажа яна, — прыцягвае і захапляе, на ўсім, што ён рабіў, — Божы знак, высокі духоўны сэнс. Варта прачытаць ягоныя кнігі, прыгадаць, што ён казаў, як ён маліўся, што рабіў і як шанаваў Беларусь... Гэтага дастаткова, каб сьвет павярнуўся да сьцен і падмуркаў ягонага месца дзяцінства!».

Жыцьцё і дзейнасьць айца Аляксандра вартыя новых старонак і краязнаўчага пошуку, лічыць таксама другі мясцовы краязнаўца, рабочы Гарадзейскага цукровага камбінату Аляксандар Абрамовіч. Некалькі месяцаў таму, калі айцец Надсан занядужаў, быў прыкаваны да ложка, спадар Абрамовіч паслаў яму ў Лёндан колькі фотаадбіткаў «гародзійскай» хаты: ці пазнае, ці ўсьцешыцца?.. Як сьведчаць відавочцы, здымкі прыйшліся да сэрца айцу Аляксандру, гэта быў «цуд» яго вяртаньня на дарагую зямлю. Пэўна, і хвароба на крок ці два адступілася, дала месца ўспамінам, ціхай радасьці разьвітаньня з Радзімай.

Фота В. Дранчука:

Калі ехаць цягніком на Берасьце, хату лёгка ўбачыць справа ля другога пераезду за невысокім зялёным плоцікам

Каваная ручка на дзьвярах не мянялася з даўняга часу

Хата стаіць на рагу вуліц Залінейнай і Краснагорскай; вуліца Залінейная (уздоўж чыгункі)

Вуліца Краснагорская; вёска Краснагоркі за 5 кілямэтраў на захад ад Гарадзеі, там і вёска Макашы, дзе нарадзіўся паэт Ул. Жылка

Заходні бок хаты

Уваход у хату з заходняга боку; мяркуецца, у гэтай частцы жыла сям’я настаўніка Антона Бочкі – бацькі А. Надсана

Старая яблыня каля хаты

Фрагмэнт драўляных канструкцый

Чыгуначны пераезд з боку цукровага камбінату

Фрагмэнт сядзібы з дарожным знакам

Вячэрні краявід на станцыі Гарадзея 15 траўня 2015