Болей дзяцей на нарах — болей «зорачак» на пагонах

Студэнт даў сябру паспытаць курыльнай сумесі ў туалеце каледжа — і атрымаў 8 гадоў зьняволеньня. 16-гадовая дзяўчына зь Віцебску стварыла ў інтэрнэце сайт па распаўсюдзе наркотыкаў — і правядзе ў калёніі 10 гадоў. Шматгадовыя турэмныя тэрміны, пастаноўка на ўлік, школы закрытага тыпу і конкурсы «Разам супраць бяды» — так праваахоўная сыстэма «дапамагае» беларускім дзецям змагацца з рызыкай нарказалежнасьці.

«Затрыманьне таго, хто штосьці даў пакурыць свайму прыяцелю, праблему распаўсюду наркотыкаў ніяк не вырашае, — кажа Ўладзімер Іваноў, загадчык наркалягічнага аддзяленьня для лячэньня і рэабілітацыі асобаў, якія церпяць на сындром залежнасьці ад псыхаактыўных рэчываў, у РНПЦ псыхічнага здароўя. — Мне б хацелася ад нашых доблесных праваахоўных органаў даведацца імёны і яўкі наркабаронаў, аптовых гандляроў. Колькі яны такіх раскрылі і пасадзілі? Я не сумняюся, што тыя, хто стаіць над гэтымі аптавікамі, не нарказалежныя. Гэта вялікі бізнэс, і наўрад ці наркаман-дахадзяга можа яго арганізаваць».

Дэкрэт № 6, які падпісаў Аляксандар Лукашэнка 28 сьнежня 2014 году, разьвязаў праваахоўнікам рукі. Узрост крымінальнай адказнасьці за збыт наркотыкаў зьнізіўся з 16 да 14 гадоў, а тэрміны пакараньня ўзьняліся да 25 гадоў.

За 4 месяцы дзеяньня дэкрэту на 67,9% павялічылася колькасьць злачынстваў, якія зьдзейсьнілі непаўналетнія ў стане наркатычнага ўзбуджэньня. А колькасьць тых, хто жадае лячыцца ў спэцыялізаваных аддзяленьнях, рэзка зьменшылася.

У мінулыя гады ў аддзяленьне наркаманіі ў „Навінках“ была чарга, каб шпіталізавацца. Цяпер чаргі няма

«У мінулыя гады ў аддзяленьне наркаманіі ў „Навінках“ была чарга, каб шпіталізавацца. Цяпер чаргі няма, — кажа нарколяг Уладзімер Пікірэня. — Гэта вынік таго, што ўсе зьвесткі пра тых, хто стаіць на ўліку, перадаюцца ў МУС. Прывабнасьць лячэньня для тых, хто мае ў гэтым патрэбу, губляецца».

Пастаноўка на ўлік і стварэньне з 1 сакавіка 2015 году Адзінай сыстэмы ўліку асобаў, якія спажываюць наркотыкі, на практыцы азначае для людзей праблемы з працай і вучобай, паступленьнем у вышэйшыя навучальныя ўстановы, атрыманьнем пасьведчаньня кіроўцы і іншыя непрыемнасьці. У такой сытуацыі зьвяртацца па дапамогу нават да мэдыкаў людзі ня хочуць.

Ад наркотыкаў дзяцей будуць лячыць страхам

У традыцыях савецкай сыстэмы ўсе ведамствы вырашылі, што менавіта страх найлепш матывуе дзяцей не спажываць наркотыкі.

«Я б 25 гадоў давала ўсім проста за распаўсюд, — кажа загадчыца падлеткавага наркалягічнага аддзяленьня менскага гарадзкога дыспансэра Людміла Шпакоўская на прэсавай канфэрэнцыі 19 траўня. — За спажываньне таксама б карала. У падлеткаў спрацоўвае пачуцьцё страху: аднаго асудзілі, другога асудзілі».

Пра тое, чаго трэба баяцца такому падлетку, красамоўна сьведчаць прыведзеныя самой Шпакоўскай лічбы. На ўліку ў дыспансэры ананімна стаяць падлеткі, якія маюць праблемы са спажываньнем. Але тых, хто зьдзейсьніў правапарушэньне, ставяць ужо на афіцыйны, неананімны ўлік:

Калі ў нас летась, на канец 2014 году, на ананімным назіраньні стаяла 50 ананімных і 90 афіцыйных, то цяпер са 130 толькі 20 стала ананімных

«Калі ў нас летась, на канец 2014 году, на ананімным назіраньні стаяла 50 ананімных і 90 афіцыйных, то цяпер са 130 толькі 20 стала ананімных, — хваліцца падлеткавы нарколяг. — Дзякуючы гэтаму дэкрэту разьвязаліся рукі ў міліцыі, сталі падымацца крымінальныя справы, адміністратыўныя».

Мэханізм адпраўкі дзяцей у калёніі дзейнічае бесьперабойна. А вось пастановы Савету міністраў пра дзейнасьць цэнтраў рэабілітацыі нарказалежных няма дагэтуль.

«У нас любы дзейны цэнтар можна прыйсьці і зачыніць, — настойвае Іваноў. — Мы пра гэта ўжо колькі год кажам, што такая пастанова патрэбная для вырашэньня праблемы».

Сваю сыстэму сачэньня за выкананьнем дэкрэту МУС выбудоўвае ад школы.

Тры чвэрці злачынстваў у сфэры спажываньня і збыту наркотыкаў мы раскрылі з дапамогай пэдагогаў і выхавальнікаў, — хваліцца на той жа прэсавай канфэрэнцыі начальнік аддзелу арганізацыі працы інспэкцыяў па справах непаўналетніх ГУ аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Віталь Янчын.

«Актыўна працуе альгарытм установаў адукацыі і інспэкцыі па справах непаўналетніх і гарадзкога наркалягічнага дыспансэра, — распавядае Шпакоўская. — Інфармацыя пра падлеткаў, якія заўважаныя ва ўжываньні, ці тых, што выклікаюць падазрэньне, перадаецца ў інспэкцыю. Інспэкцыя выяжджае, складае пратаколы, калі трэба. І гэтыя дзеці трапляюць да лекараў-нарколягаў».

Той жа Янчын прапануе падлеткаў, якія ўхіляюцца ад лячэньня, накіроўваць у закрытыя лячэбна-выхаваўчыя ўстановы.

А з 1 верасьня 2015 году ў навучальных установах будзе праводзіцца псыхасацыяльнае анкетаваньне, якое, па словах галоўнага спэцыяліста Міністэрства адукацыі Алесі Берасьневай, будзе выяўляць схільнасьць падлеткаў да ўжываньня наркотыкаў ці алькаголю. Анкетаваньне ня будзе ананімным, і на яго трэба будзе пісьмовы дазвол бацькоў для дзяцей ва ўзросьце ад 11 да 14 год. З 14 год дазволу будуць пытаць у самога дзіцяці:

«Вынікі будуць захоўвацца ў адміністрацыі ўстановы адукацыі з мэтай далейшага мэдычнага абсьледаваньня», — кажа Берасьнева.

На прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі МУС, Міністэрства адукацыі і наркалягічнага дыспансэра шмат распавядалі пра прафіляктычную працу з бацькамі і настаўнікамі. Але ніяк не патлумачылі, што зроблена для таго, каб самі дзеці і падлеткі рабілі адказны выбар. Конкурсы відэаролікаў пад слоганам «Разам супраць бяды», мяркуючы па несуцяшальных лічбах, выніку не даюць. І сама ж доктар Шпакоўская кажа, што дзеці стаміліся ад страшылак:

«Ім трэба маляўнічая і пазытыўная інфармацыя», — кажа яна. — Больш пазытыву, націск на здаровы лад жыцьця. Я заўжды кажу, што ў маладога чалавека павінна быць адна думка: легчы і выспацца. Усё астатняе павінна быць жорстка расьпісана».

Болей дзяцей на нарах — болей зорачак на пагонах

«Спажываньне ператварылі з мэдычнай у цалкам прававую праблему, — кажа нарколяг Пікірэня. — У супрацьстаяньні Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства ўнутраных спраў перамагло апошняе».

Патрэбу жорстка караць асобных падлеткаў за наркотыкі праваахоўныя органы падмацоўваюць гісторыямі пра тое, як «пад спайсамі» выразаюць вочы, і лёзунгам змаганьня за здароўе нацыі. Гэта стварае атмасфэру страху, а дзеяньням праваахоўных органаў выдае фактычную індульгенцыю ад грамадзтва на тое, каб караць і саджаць.

Паніжэньне тэрміну адказнасьці за збыт да 14 год — гэта быў цяжкі крок, але мы пайшлі на гэта

«Паніжэньне тэрміну адказнасьці за збыт да 14 год — гэта быў цяжкі крок, але мы пайшлі на гэта, — кажа Віталь Янчын. Дарэчы, калі 16-гадовы падзяліўся сваёй дозай наркотыку з аднагодкам, гэта ўжо можа быць кваліфікавана як збыт і караецца тэрмінам ад 8 да 15 гадоў.

«Пасадзілі 16-гадовага хлопца на 8 гадоў, і што? — задае пытаньне нарколяг Уладзімер Пікірэня. — Праз 8 гадоў выйдзе чалавек, які выправіўся, і будзе працаваць на карысьць грамадзтва? Думаю, што хутчэй гэты чалавек выйдзе са зьнявечанай псыхікай і будзе належаць да крымінальнага сьвету».

Янчын апраўдвае жорсткае пакараньне тым, што адзін наркаман уцягвае ў спажываньне да 10 чалавек. Нарколягі кажуць пра іншую схему паводзінаў:

«Так робяць усе наркаманы. Як і алькаголікі, як і іншыя залежныя, — тлумачыць Уладзімер Іваноў. — Адзін купіў — трое п’юць. Гэта звычайная справа для хімічна залежных таварышаў».

Па сацыяльных стратах наркаманія далёка ня самая страшная праблема, зь якой сутыкаюцца беларускія падлеткі. Але змагацца зь ёю карнымі спосабамі сапраўды нашмат больш эфэктна і бясьпечна для пагон, чым замахвацца на прыбыткі ад продажу тытуню і алькаголю.

У 2014 годзе на ўліку стаялі 15 934 непаўналетнія. Сярод іх 14 454 злоўжывалі алькаголем, 1480 — наркотыкамі. Нарколяг Уладзімер Іваноў сьцьвярджае, што для падлеткаў уваходная брама ва ўжываньне наркотыкаў — курэньне, а ў алькагалізм — піва і слабаалькагольныя напоі.

«Прапанова вельмі вялікая, а цэны вельмі малыя, — настойвае Іваноў. — Трэба падымаць узроставы цэнз і на алькаголь, і на тытунь. Ня ведаю ніводнага спажыўца спайсу, які б не пачынаў з курэньня».

«Чаму я так выступаю супраць тытуню? — кажа Іваноў. — Таму што ў нас толькі ад раку лёгкіх штогод 17 тысяч чалавек памірае, а рак лёгкіх на 90 працэнтаў асацыяваны з курэньнем тытуню. Якія наркотыкі?! Побач не стаялі па сацыяльных стратах».

«Прафіляктыка павінна пачацца з таго, што стануць вядомыя асобы ўладальнікаў тытунёвай і алькагольнай прамысловасьці і іхныя даходы, — кажа Іваноў. — Народ мусіць ведаць праўду, хто яго труціць».

Але міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч у параднай форме НКВД змагаецца з падлеткамі, у якіх ужо са школы бачаць патэнцыйных наркаманаў і алькаголікаў. А замест наркабаронаў у турмах апынуцца занядбаныя дзеці, для якіх у дзяржавы не знайшлося рэабілітацыйных цэнтраў, але знайшліся нары.