Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Дзьмітры Мірончык:
«Згодна з рашэньнем кіраўніка нашай дзяржавы Беларусь на саміце „Ўсходняга партнэрства“ у Рызе будзе прадстаўленая кіраўніком Міністэрства замежных спраў Уладзімерам Макеем».
Тое, што міністар Макей ачоліць дэлегацыю на саміце ў Рызе, выглядала даволі імаверным, адзначае беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў:
«Ёсьць тры прычыны, зь якіх цяжка было ўяўляць, што ў Рыгу паедзе першая асоба нашай краіны. Першая, і, мабыць, самая галоўная — нічога істотнага для Беларусі на саміце не чакалася. Акрамя нейкага маральнага задавальненьня, Лукашэнку яна б нічога ня несла.
Другая — у Менску ўлічылі раздражненьне Масквы праграмай „Усходняга партнэрства“, якое Расея апошнім часам публічна праяўляе.
Трэцяя — магчымасьць нейкіх інцыдэнтаў, зьвязаных з тым, што беларускія палітвязьні дагэтуль ня выпушчаныя на свабоду.
Пасылаць Кабякова? Там ня будзе такіх падзеяў, якія б патрабавалі прысутнасьці прэм’ера. Так, падобна, ня будзе ратыфікавана пагадненьне аб зьмякчэньні візавага рэжыму з Эўразьвязам.
А Макей — гэта чалавек, які ўсё ведае. І ніякіх праблемаў на саміце ў яго ня ўзьнікне».
Саміт «Усходняга партнэрства», які пачынаецца ў Рызе, будзе ўжо чацьвёртым па ліку.
На першым саміце ў Празе Беларусь прадстаўляў Уладзімер Сямашка, які меў тады статус першага віцэ-прэм’ера ўраду. На другім саміце ў Варшаве Беларусь абмежавалася прадстаўніцтвам тагачаснага амбасадара ў Польшчы Віктара Гайсёнка. На трэцім саміце ў Вільні беларускую дэлегацыю ачольваў міністар замежных спраў Уладзімер Макей.