Уладзімер Уладзімеравіч Маякоўскі любіў глядзець, як паміраюць дзеці, а я люблю назіраць, як паміраюць пушчаныя на культуру грошы.
Зойдзеш у кнігарню, а там – раскоша. Стэлаж, кніжок на дзьвесьце, ды ўсе зь зялёным і сінім абрысам, пазалотай: сэрыя «Бібліятэка Саюза пісьменьнікаў Беларусі». У кожнай краме «Белкнігі» ў кожным горадзе абавязаны стаяць такі стэлаж. Інструкцыя бо! Набраўся духу, спытаўся неяк раз у прадаўцоў, ці купляюць: не, кажуць, ні разу не было, каб кнігу купілі з таго стэлажу. Толькі пыл зьдзімаем!
Зрэшты, прынамсі аднаго пакупніка я ведаю: за ім стаіць той стэлаж пад час здымак навагодняга віншаваньня. Хаця – і ён мог атрымаць кніжкі ў падарунак, то бок – дарма.
А вось сьціплейшая прапанова па арганізацыі культурнага адпачынку: 23 тамы Івана Пятровіча Шамякіна, цэлая даўжэразная паліца. Цьвёрдая вокладка, тоўстая белая папера, ілюстрацыі, усе-ўсенькія розначытаньні – дзе, што, калі закрэсьліў народны пісьменьнік у сваіх несьмяротных раманах, аповесьцях, апавяданьнях і іншых артыкулах. І што – уставіў наўзамен. Кошт дэмакратычны: даляраў за дзьвесьце пяцьдзясят займееш поўны збор чалавека-легенды, імем якога ўпрыгожаны Мазырскі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт. Якая розьніца, што не раскупілі да канца ранейшы збор твораў аўтара «Сэрца на далоні», пачатку 2000-х. Шамякіна было шмат і будзе шмат, як і належыць кожнаму харошаму чалавеку.
Вернеш нос ад Іван Пятровіча і зялёных тамоў з пазалотай? Для цябе, мудрага, ёсьць сярэдзінны шлях: дзесяцітамовік Івана Якаўлевіча Навуменкі. Праўда, ня ўсе яшчэ тамы выдадзеныя: падвёў шамякінскі канвэер. Але тыя чатыры талмудзіны, пяшчотна-фіялетавыя, як начальнікі ўпраўленьня міністэрства пасьля агляду абласной самадзейнасьці, упрыгожаць кнігазбор кожнага аматара раньнеабсурдысцкай эстэтыкі (гэта ж Іван Якаўлевіч зьяўляецца аўтарам выказваньня «Негры былі чорныя»). Вядома, кошты кусаюцца і тут, бо тамы на сямсот і больш старонак ня могуць каштаваць танна. Па дваццаць даляраў за цагліну! Стаіш і аж спакуса разьдзірае – натуральная «Вайна і мір» у душы – браць ня браць?
Няма поўных акадэмічных збораў Гарэцкага, Ластоўскага, Дубоўкі – дык і што з таго? Хіба ім прысвойвалі высокае званьне народнага пісьменьніка БССР?
А калі вось гэтую кнігу вынесьці на сялянскі падворак, замітусяцца куры і качкі, схаваецца ў будцы сабака і зарохкае ў хлеўчуку вяпрук. Ды што там жыўнасьць: кожны чалавек, які дазволіць сабе зьняважлівыя словы на адрас дзяржаўнага кнігавыданьня і культурнай палітыкі, рызыкуе застацца бяз сківіцы. Бо – выйшла кніга пра Язэпа Драздовіча «Празь церні да зорак». Чаго тут толькі няма! Сотняў старонак неапублікаванай ягонай прозы – няма! Якасных каляровых ілюстрацый і фотаздымкаў – няма! Грунтоўных досьледных камэнтароў да твораў – няма! Дзясяткаў лістоў – няма! Слоўнікаў і фальклорных матэрыялаў, нядаўна апублікаваных – няма!
Што і казаць: засвоілі грошыкі, атрымалі прыгожую тоўстую кнігу, дзе некалькі дзясяткаў чалавек у прозе і ў вершах распавядаюць пра тое, які геніяльны мастак, філёзаф і празаік быў Язэп Драздовіч. Як шмат зрабіў ён для беларушчыны, якой глыбіні была яго духоўнасьць – не дабярэцца і падводная лодка ў тую Марыянскую ўпадзіну. Усё, закрыла Міністэрства інфармацыі гэтую тэму гадоў на дзесяць. Атрымалі зборнік артыкулаў энцыкляпэдычнага фармату? Радуйцеся!
Некалькі лічбаў з кнігі «Справочно-аналитическая информация о деятельности отрасли СМИ и печати в 2014 году»: «Па стане на 01.01.15 запасы кніжнай прадукцыі ў выдавецкім доме «Звязда» складаюць 262 назвы тыражом 134,48 тыс. асобнікаў на суму 6959,5 млн рублёў» (с.11-12); «Па стане на 01.01.2015 крэдыторская запазычанасьць дзяржвыдавецтваў склала 30001 млн рублёў (тэмп росту 128%), у тым ліку пратэрмінаваная 18220 млн рублёў (тэмп росту 157,2%), дэбіторская запазычанасьць 16991 млн рублёў (тэмп росту 137,5%), у тым ліку пратэрмінаваная 5334 млн рублёў (тэмп росту 144,4%). Ня мае пратэрмінаванай крэдыторскай і дэбіторскай запазычанасьці выдавецтва «Народная асьвета» (дзіва што – падручнікі ўсю дарогу выдаваць, бяспройгрышныя ў попыце! – Ц.Ч.), у БелЭН адсутнічае пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць» (с.60). У сыстэме кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі (86 кніжных крамаў) «на 01.01.2015 крэдыторская запазычанасьць склала 145881,0 млн рублёў...» (с.65).
Цытаты можна працягваць, гаварыць, якое выдавецтва і колькі віннае паліграфкамбінатам за друк і паперу, колькі кожная вобласьць дадала «Белкнізе» пазыкаў за прамінулы год, але і так зразумела: на паўмільёна даляраў ляжыць кніжак на складзе «Звязды», два мільёны амэрыканскіх грошай вінныя выдавецтвы друкарам, 10 мільёнаў даляраў – запазычанасьць сыстэмы кніжнага гандлю (гэта ў новых лічбах, але насамрэч трэба памнажаць яшчэ амаль на 1,5, бо прасеў рубель за год).
І ўсё звальваюцца і звальваюцца на склады новыя Шамякіны, Марчукі, Карлюкевічы, Пазьняковы і Пашковы. Растуць пазыкі, друкуюць – паводле дадзеных зьверху інструкцыяў – паліграфкамбінаты ў доўг, у тры разы закладзеную пазыку ўсё новыя і новыя кніжкі, якія ніхто ня будзе купляць.
Круціцца кола: набывае па разнарадцы Цэнтральная бібліятэчная сыстэма частку тыражоў, выбіваюцца новыя пазыкі на паперу, сядзяць у прыёмных дзядзькі з рукапісамі. А што не бяруць – дык і халера на іх, беларусаў няўдзячных. Няма грошай? Выдзярэм у Логвінава лішні мільярд, у яго шмат. Мала аднаго мільярду? Забяром у дармаедаў.
Абы да наступнай пяцігодкі дажыць. А там – хоць трава не расьці.