«Беларусь займае 10 месца ў рэйтынгу краін сьвету па ўзроўні спажываньня алькаголю», — паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА са спасылкай на намесьніцу старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Алену Кухарэвіч.
У інтэрвію агенцтву яна распавяла пра зьніжэньне спажываньня алькаголю. Паводле яе, «у 2014 годзе продаж алькагольных напояў у пераліку на абсалютны алькаголь на душу насельніцтва ў параўнаньні з 2013 годам скараціўся на 0,5 літра да 10, 6 літра, у параўнаньні з 2011 годам — на 2,7 літра».
Завяршаў паведамленьне БЕЛТА сказ: «Па дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя за 2014 год, Рэспубліка Беларусь займае 10 месца ў рэйтынгу краінаў сьвету па ўзроўні спажываньня алькаголю. Дасьледаваньне ахапіла 188 дзяржаваў, дадала прадстаўнік Белстату».
Навіну перадрукавалі многія дзяржаўныя і недзяржаўныя выданьні, пра 10-я месца Беларусі ў «алькагольным» рэйтынгу Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) паведаміў тэлеканал ОНТ.
Аднак ці сапраўды месца ў леташняй справаздачы СААЗ было менавіта такім? Зь леташняй справаздачы арганізацыі вынікае зусім іншае — Беларусь з узроўнем спажываньня 17.5 літра эцілавага эквіваленту на душу насельніцтва займала першае (а не дзесятае) месца ў сьвеце. У адпаведным разьдзеле дакладу, прысьвечаным Беларусі, пазначана, што лічба 17.5 — сярэдняя лічба спажываньня алькаголю ў краіне ў 2008-2010 гадах.
Ніякіх іншых рэйтынгаў спажываньня алькаголю, паводле якіх Беларусь была б на 10-м месяцы, у леташняй справаздачы СААЗ няма.
Дарэчы, варта прыгадаць, што летась гэтае сумнае першынства Беларусі шырока камэнтавалася ў беларускім друку, прадстаўнікі беларускага Міністэрства аховы здароўя аспрэчвалі лічбу з дакладу СААЗ. Роўна год таму пра гэта на сваім сайце паведамляла тое ж БЕЛТА ў нататцы «Міністэрства аховы здароўя абвяргае інфармацыю СААЗ аб тым, што ў Беларусі высокі ўзровень спажываньня алькаголю».
Дык адкуль жа ў спадарыні Кухарэвіч узяліся зьвесткі пра больш-менш пачэснае дзесятае, а не пра сумнае першае месца Беларусі ў леташнім сусьветным «алькагольным» рэйтынгу? Можна меркаваць, што сапраўды са справаздачы СААЗ. Але ня леташняй, а чатырохгадовай даўніны, выдадзенай у 2011 годзе.
Там адпаведны паказьнік спажываньня алькаголю для Беларусі за 2003-2005 гады складаў 15.13, і ў сусьветным рэйтынгу спажываньня алькаголю краіна была менавіта на дзесятым месцы.
Іншымі словамі, намесьніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту прывяла ранейшыя, больш спрыяльныя для Беларусі, дадзеныя, выдаўшы іх за сьвежыя.
Магчыма, у спрэчцы з экспэртамі СААЗ наконт спажываньня алькаголю ў Беларусі беларускія адмыслоўцы маюць рацыю. Але ў чым дакладна ня маюць рацыі — дык гэта ў падмене непрыемных дадзеных прыемнымі, у маніпуляцыі лічбамі. Нават калі і ненаўмыснай.