«Ліст прыйшоў на рэдакцыйную скрыню нашага парталу з афіцыйнай электроннай скрыні Міністэрства інфармацыі, — піша сайт Tuzin. fm. — У ім даводзіцца са спасылкаю на падпункт 1.2 пункта 1 артыкула 49 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», што ўладальніку рэсурсу Tuzin. fm выносіцца пісьмовае папярэджаньне «за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам».
У лісьце таксама зазначана, што за вынясеньне цягам году двух і больш папярэджаньняў, а таксама за невыкананьне патрабаваньняў дзяржаўнага органа аб ліквідацыі парушэньняў доступ да рэсурсу можа быць абмежаваны. За якія канкрэтна парушэньні вынесена папярэджаньне, не пазначана.
Ліст ад Міністэрства інфармацыі Беларусі напісаны па-расейску.
У адказ на гэты ліст кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін даслаў у Міністэрства інфармацыі ўсе зьвесткі, якія просіць прадставіць Лілія Ананіч.
«Наш партал працуе ўжо 12 год і за гэты час зрабіў нямала для таго, каб пра беларускую музыку дазналіся як мага болей людзей. Мы напісалі тысячы матэрыялаў пра нашых выканаўцаў, прадставілі вялізарную колькасьць песень і альбомаў, правялі з сотню канцэртаў, рэалізавалі дзесяткі грамадзка значных праектаў, сярод якіх „Перазагрузка“, „Апошні золак“, „Тузін. Немаўля“, „Засьпявай. by“. І гэта проста неймаверна — пачуць пасьля гэтага ад чыноўнікаў, што мы шкодзім дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам. Мы вельмі спадзяемся, што з боку Міністэрства выйшла недарэчнасьць і яна будзе папраўлена ў хуткім часе», — заяўляе з гэтай нагоды Сяргей Будкін.
Аналягічныя лісты ад Міністэрства інфармацыі атрымалі сайты Радыё Рацыя, «Свабодны рэгіён» і АГП.
Усім ім прапануецца прадставіць у ведамства зьвесткі, якія тычацца ўладальніка дадзенага інфармацыйнага рэсурсу, у прыватнасьці назву юрыдычнай асобы альбо прозьвішча, імя, імя па бацьку асобы ўладальніка, а таксама юрыдычны адрас альбо адрас месцажыхарства.
Уладальнікі сайту Tuzin.fm зьвярнуліся ў Міністэрства інфармацыі з просьбай даць канкрэтныя тлумачэньні наконт вынесенага папярэджаньня.
Як паведамілі Эўрарадыё ў прававым адзьдзеле Мінінфармацыі, лісты, якія атрымалі сайты Радыё Рацыя, «Свабодны рэгіён», Tuzin.fm і Аб’яднаная грамадзянская партыя, зьвязаныя з тым, што чыноўнікі складаюць базы ўладальнікаў сайтаў:
«Дакумэнты, атрыманыя сайтамі, не зьяўляюцца папярэджаньнямі. Гэта інфармацыйныя лісты аб недапушчальнасьці парушэньняў заканадаўства. Мы ня можам пакуль назваць вам прычыны таго, чаму іх вырашылі даслаць менавіта ў такія рэдакцыі. Міністэрства інфармацыі цяпер займаецца складаннем базы ўладальнікаў сайтаў».