Ярмошына зьмяніла свае погляды на боршч

Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына вельмі задаволеная тым, што ў выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якія павінны адбыцца сёлета не пазьней за 20 лістапада, зьбіраюцца ўдзельнічаць некалькі кандыдатаў-жанчын.

Пра гэта яна заявіла сёньня журналістам пасьля паседжаньня Цэнтральнай выбарчай камісіі. Лідзія Ярмошына сказала:

«Жанчына — гэта такі ж самы чалавек, як мужчына. Гэта такі ж самы выбаршчык. А ў сацыяльным пляне жанчына звычайна адыгрывае нават больш актыўную ролю за мужчын. І я веру, што ў нейкім часе ў нас кіраваць будзе жанчына. Я рэалістка і ня веру, што гэта будзе на сёлетніх выбарах, але пазьней гэта цалкам магчыма. Але для таго, каб жанчына сапраўды пачала кіраваць Беларусьсю, трэба да гэтага прывучыць выбарцаў. А прывучаць іх якраз і можна толькі празь непасрэдны ўдзел жанчын-кандыдатаў у выбарчым працэсе».

На пытаньне журналістаў, а як жа ў такім выпадку гэтыя словы спалучаюцца зь вядомым выказваньнем Лідзіі Ярмошынай пра тое, што жанчына павінна ня ўдзельнічаць у палітычным працэсе, а варыць боршч, старшыня Цэнтравыбаркаму адказала: «Ну, боршч можна варыць увечары. Напрыклад, як гэта раблю я».