Крамлёўская цэнзура выступу канцлера Нямеччыны

Выступаючы ў Маскве 10 траўня, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль назвала расейскую анэксію Крыму «злачыннай». Перакладчык на расейскую апусьціў гэтае вызначэньне, ня трапіла яно і ў афіцыйную крамлёўскую справаздачу.

Стоячы побач з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным 10 траўня на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркэль заявіла: «Мы дасягнулі супрацоўніцтва паміж НАТО і Расеяй. У сувязі з крымінальнай і незаконнам, паводле міжнароднага права, анэксіяй Крыму і ў сувязі з ваенным канфліктам ва Ўсходняй Украіне, гэтаму супрацоўніцтву была нанесеная сур’ёзная шкода.»

Вызначэньне «злачынная», аднак, не было перакладзенае перакладчыкам-сынхраністам на расейскую мову падчас прэсавай канфэрэнцыі. Тыя, хто слухаў толькі перакладчыка, атрымалі ўражаньне, што Мэркэль лічыць захоп Крыму толькі «парушэньнем міжнароднага права.»

Няясна, ці перакладчык сьвядома зьмякчыў фармулёўку, якую ўжыла нямецкі канцлер. Але ў любым выпадку, менавіта больш мяккая вэрсія выступу Ангэлы Мэркэль прадстаўленая на сайце Крамля ў афіцыйнай стэнаграме прэсавай канфэрэнцыі. У расшыфроўцы выступу, апублікаванай канцылярыяй нямецкага канцлера, фармулёўка пра «злачынную анэксію» Крыму прысутнічае.

Прынамсі, адзін чалавек зразумеў слова «verbrecherisch» (злачынны — ням.), якое ўжыла Мэркэль — гэта Ўладзімер Пуцін. У свой час ён служыў у прадстаўніцтве КДБ СССР у Дрэздэне, ён свабодна валодае нямецкай мовай, раней ён вёў перамовы з Мэркель па-нямецку.
Падчас прэсавай канфэрэнцыі ў яго быў навушнік на левым вуху, празь які ён мог слухаць пераклад. Але правым вухам, вольным ад навушніка, ён мог слухаць выступ кіраўніцы нямецкага ўраду.