Судзіла актывіста судзьдзя Смалявіцкага раённага суду Ліна Бародзіч. Яна прызнала актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі каля Кургана Славы 25 красавіка. Падчас акцыі Леанід Кулакоў трымаў у руках кардон са словамі «Акупанты, вон!». Пазьней гэтае фота было выкладзенае ў інтэрнэце. На судзе Леанід Кулакоў не адмаўляў, што ўдзельнічаў у акцыі, пры гэтым адмовіўся паведаміць імёны тых, хто разам зь ім браў у ёй удзел.
Як паведаміла Свабодзе актывістка Вольга Мікалайчык, Леанід Кулакоў на судзе спасылаўся на Канстытуцыю Беларусі і казаў, што ўлады парушылі ягонае права на выяўленьне сваёй пазыцыі, бо забараняюць праводзіць падобныя акцыі без дазволу.
«Пасьля суду нам нават не далі магчымасьці перадаць Леаніду ваду і харчы», — паведаміла Вольга Мікалайчык.
Адбываць пакараньне Леанід Кулакоў будзе ў Менску ў СІЗА на вуліцы Акрэсьціна.