Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў дазволіў кіраўніку Нажай-Юртовскага РАУС Нажуду Гучыгаву ўзяць сабе ў якасьці другой жонкі 17-гадовую школьніцу. Як піша расейская «Новая газэта», 5 траўня ў эфіры мясцовага тэлеканала «Вайнах» быў паказаны сюжэт, у якім Кадыраў заявіў, што ён паслаў людзей даведацца, ці згодныя бацькі дзяўчыны на вясельле з Гучыгавым, і высьветліў, што ў іх няма пярэчаньняў. Па дадзеных выданьня, вясельле адбудзецца 10 траўня, і на яго запрошаны кіраўнік Чачні.
30 красавіка «Новая газэта» паведаміла, што 57-гадовы Нажуд Гучыгаў вырашыў сілай у узяць у жонкі 17-гадовую Хэду Гайбаліеву зь сяла Байтаркі. Ён запатрабаваў ад яе бацькоў выдаць дачку добраахвотна 2 траўня. У выпадку адмовы прыгразіў сям’і расправай. На ўездах у сяло былі выстаўлены пасты, каб бацькі не ўкралі дачку. Пра гэта выданьню распавялі аднавяскоўцы сям’і Гайбаліевых.
У той жа дзень, 30 красавіка, начальнік РАУС паведаміў журналістцы «Новай газэты», што ў яго ўжо ёсьць жонка, а з Хэдой Гайбаліевай ён нават не знаёмы. Аднак 7 траўня высьветлілася, што ў гісторыю ўмяшаўся Рамзан Кадыраў.
У Расеі забаронена дваяжэнства. Шлюбны ўзрост у краіне — 18 гадоў. Некалькі гадоў таму Кадыраў забараніў ў Чачні абрад выкраданьня нявест і шлюбы з непаўналетнімі.